Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва будзе пляцоўкай дыскусій

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва (СТП) з’яўляецца адным з нешматлікіх мерапрыемстваў, якія збіраюць на адной нефармальнай пляцоўцы прадстаўнікоў уладаў і прыватнага бізнесу. На думку заснавальніцы BEL.BIZ і адной з арганізатараў мерапрыемства Таццяны Марыніч, адрознай рысай СТП з’яўляецца ўвага да ўсіх пытанняў, што хвалююць бізнес-колы Беларусі. Уключна з самымі праблемнымі.



Таццяна Марыніч: “Ну, трэба ж хаця б пачынаць гэтую дыскусію вось так адкрыта весці. Хаця б адна пляцоўка (я не кажу, што іх мусіць быць шмат), ну хаця б адна мусіць быць. Дзе прысутнічаюць лідары бізнесу, дзе прысутнічаюць кіраўнікі банкаўскага сектару. Дзе, дзякаваць Богу, прысутнічаюць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, на якіх падае плынь негатыўнай энергіі. Яны адчуваюць сябе не вельмі ёмка падчас гэтай дыскусіі. Але кожны год яны пацвярджаюць свой удзел. І гэта вельмі прыемна, што яны хаця б не адмаўляюцца”.



Партнёр Таццяны Марыніч па бізнесе Анастасія Хамянкова заўважае, што ў розныя гады на Сусветным тыдні прадпрымальніцтва ёсць "свой боль". Напрыклад, летась падчас панэлі, прысвечанай інвеставанню ў беларускую эканоміку, эмацыйна абмяркоўвалі нацыяналізацыю кандытарскіх фабрык “Камунарка” і “Спартак”, якая адбылася незадоўга да правядзення СТП.



Сёлета Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць з 18 па 24 лістапада. У беларускай частцы мерапрыемства ўдзельнічаюць міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл, часовы павераны ў справах ЗША Ітан Голдрыч, спікеры з ЗША, Нямеччыны, Швецыі, Літвы.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі