Арганізатары Дня Волі апублікавалі зварот да Сяргея Міхалка

Арганізатары Дня Волі апублікавалі зварот да Сяргея Міхалка

Арганізатары Дня Волі (святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі) апублікавалі зварот да Сяргея Міхалка. Яны ўжо тыдзень не могуць звязацца з музыкантам, каб высветліць, ці зможа ён выступіць 25 сакавіка на святочным канцэрце каля Опернага тэатру. Як вядома, мінскія ўлады далі на яго дазвол.

У сваім звароце арганізатары патлумачылі, чаму Міхалок мусіць выступіць на святкаванні. “Вашыя беларускамоўныя песні “Грай”, “Не быць скотам”, “Родны край”, “Будзь смелым”, “Belarus Freedom” сталі не проста хітамі, а сапраўднымі гімнамі новай Беларусі, — пішуць яны. — Дзякуючы гэтым песням беларуская мова загучала ў розных краінах свету, шматлікія жыхары нашай краіны адчулі сябе беларусамі і патрыётамі… Як можна ўявіць галоўнае нацыянальнае свята, 100-годдзе незалежнай дзяржаўнасці Беларусі, без гэтых песень? Ніяк!”.

Арганізатары перакананыя, што ўдзел Міхалка ў святочным канцэрце — “гэта будзе ўжо вялікае яскравае відовішча, якое аб’яднае нацыю”. Яны гатовыя вырашыць арганізацыйныя пытанні (напрыклад, гатовыя арганізаваць транспарт з Гомеля ў Мінск і з Мінска ў Мазыр). “Мы чакаем вас. Чакаем проста Сяргея Міхалка з гітарай ля мікрафона, каб тысячы (а мо дзясяткі тысячаў — хто ведае) беларусаў у гэты знакавы дзень спявалі разам з вамі”, — такімі словамі заканчваецца зварот.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі