Вы тут

Арганізатар палатак на Кастрычніцкай: Мы пабачылі, што яны не вельмі прыгожыя

Вуліца Кастрычніцкая / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Намёты з халатамі і валёнкамі на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску арганізатары вырашылі прыбраць з... эстэтычных меркаванняў. Менавіта так яны патлумачылі ў каментарах парталу TUT.by. 

Як распавядала Еўрарадыё, у пятніцу, 21 чэрвеня, на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай з'явіліся намёты дзяржаўнага гандлю, дзе прадавалі халаты, валёнкі да іншыя тавары лёгкай прамысловасці. Таксама была адкрытая фуд-зона з шашлыкамі і напоямі. Аднак ужо на выходных намёты з адзеннем і сувенірамі часткова зніклі

Арганізатарамі кірмашу выступалі КУП "Мінскзнешгандальінвест" і адміністрацыя Ленінскага раёна сталіцы. Кірмаш ствараўся непасрэдна пад Еўрапейскія гульні. 

Дырэктарка кампаніі "Мінскзнешгандальінвест" Марына Саевіч прызналася, што намёты прыбралі пался крытычных водгукаў у інтэрнэце. "Увечары ўжо ўсё прыбралі. Увогуле не трэба было фатаграфаваць на стадыі расстаноўкі, мы ж самі ўбачылі, што намёты не вельмі прыгожыя. На роўным месцы стварылі ажыятаж. Мы іх самі і прыбралі, проста занадта хутка з'явіліся публікацыі ў інтэрнэце", — кажа яна.

Па словах Саевіч, толькі ў чацвер арганізацыя даведалася, што вуліца будзе пешаходнай, а ў пятніцу ўжо трэба было разгарнуць кірмаш. "Прадпрыемствы не былі гатовыя так хутка закупіць прыгожыя намёты. Мы ж ладзім выставы і за мяжой і ведаем, як гэта прыгожа зрабіць. Мы таксама арганізавалі сквер "Горад майстроў" насупраць "Дынама" — там вельмі выдатна", — дадае дырэктарка кампаніі.

Да 30 чэрвеня ад кірмашу на Кастрычніцкай застанецца толькі фуд-зона.