Вы тут

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў блакаванне людзей у Чырвоным касцёле

АМАП у дзвярах Чырвонага касцёла / TUT.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выпусціў заяву ў сувязі з інцыдэнтам з удзелам супрацоўнікаў сілавых структур на тэрыторыі Чырвонага касцёла ў Мінску.

"Знаходзячыся за мяжою, я з вялікім болем успрыняў скупыя звесткі пра блакаванне ўзброенымі байцамі АМАПу уваходу і выхаду ў мінскім Чырвоным касцёле, што мела месца 26 жніўня, — гаворыцца ў звароце аўтарытэтнага каталіцкага іерарха. — Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя панесці пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту".

26 жніўня мінская міліцыя разагнала мірную пратэстную акцыю на плошчы Незалежнасці. Частка пратэстоўцаў і журналістаў разам з вернікамі апынулася заблакаванай у Чырвоным касцёле, дзверы ў які зачыніў і ахоўваў АМАП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.