Вы тут

Арастовіч: нам не трэба ў памяці народа, што Украіна біла па тэрыторыі Беларусі

Аляксей Арастовіч / dialog.ua

Украінскія войскі не будуць біць па тэрыторыі Беларусі. Пра гэта дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў у эфіры Еўрарадыё.

Па словах палітыка, ва ўкраінцаў застаюцца братэрскія пачуцці да беларусаў: "Зацяганае слова "браты" ў дачыненні да расіян не хочацца выкарыстоўваць, а ў дачыненні да беларусаў — хочацца".

Пры гэтым ён падкрэсліў, што дзеянні беларускага рэжыму, які прадаставіў тэрыторыю краіны для расійскай агрэсіі, — гэта таксама ваенная агрэсія. "Але мы не будзем біць па беларускай тэрыторыі, таму што не хочам, каб беларусы гінулі ад украінскай зброі", — дадаў ён.

Арастовіч падкрэсліў, што ўкраінцы падзяляюць беларускі народ і рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Украіна не прызнала Лукашэнку дзеючым прэзідэнтам Беларусі пасля 2020 года.

"На мяне рэжым Лукашэнкі завёў крымінальную справу за тое, што я заклікаў беларускіх партызан заняцца беларускай чыгункай", — нагадаў палітык.

Ён заявіў, што беларускія партызаны істотна падарвалі прасоўванне расійскіх войскаў у бок Украіны. Арастовіч вельмі высока ацаніў дзейнасць удзельнікаў "рэйкавай вайны", якія невялікім сродкамі прычынілі заўважную шкоду.

"Нам не трэба ў памяці народа, што Украіна біла па тэрыторыі Беларусі", — канстатаваў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.