Апусцелы Купалаўскі тэатр збіраецца ставіць "Паўлінку"

Купалаўскі тэатр пасля закрыцця сезона / Еўрарадыё
Купалаўскі тэатр пасля закрыцця сезона / Еўрарадыё

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, з якога пасля падзей 9-11 жніўня сышла амаль уся трупа, збіраецца ставіць "Паўлінку". Пра гэта новы міністр культуры Анатоль Маркевіч расказаў русурсу "Смартпресс":

"У прынцыпе тэатр функцыянуе, ідзе праца над новай версіяй знакамітага спектакля "Паўлінка , які можа быць прадстаўлены на сцэне ўжо ў першай дэкадзе студзеня 2021-га года. На галоўную ролю разглядаюцца тры прэтэндэнткі, аднак пакуль імёны акторак называць рана".

Паралельна Купалаўскі працягвае кастынг акцёраў у трупу тэатра. Больш за 20 чалавек прынятыя на працу.

"Вельмі вялікая колькасць жадаючых трапіць у трупу Купалаўскага тэатра, гэта і маладыя людзі, і з досведам. Вельмі шмат ідзе моладзі. Вы ведаеце, для іх гонар трапіць у трупу Купалаўскага", — кажа міністр. Ён сцвярджае, што ў новым калектыве пануе гармонія і паразуменне. Усяго для паўнавартасных спектакляў тэатр збіраецца набраць 40-46 акцёраў.

13 жніўня акторы купалаўскага тэатра выступілі з патрабаваннем спыніць гвалт супраць мірных грамадзян на вуліцах беларускіх гарадоў. Пасля гэтага ўлады звольнілі дырэктара тэатра Паўла Латушку. У знак пратэсту акцёры, рэжысёры і персанал тэатра напісалі заявы на звальненне.

Цяпер звольненыя акцёры іграюць спектаклі ў межах незалежнай тэатральнай трупы "Купалаўцы". А на сцэне Купалаўскага тэатра выступаюць дзяржкалектывы кшталту аркестра Фінберга. Праўда, гэтыя канцэрты чамусьці не карыстаюцца папулярнасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі