Апошняга кандыдата-праціўніка акумулятарнага завода знялі з выбараў у Брэсце

Апошняга кандыдата-праціўніка акумулятарнага завода знялі з выбараў у Брэсце

1 лістапада акруговая камісія Брэсцкай-Памежнай акругі №4 зняла з выбараў кандыдата Уладзіміра Мароза, піша праваабарончы сайт "Вясна". Мароз быў адзіным зарэгістраваным кандыдатам — праціўнікам будаўніцтва акумулятаранага завода "АйПаўэр" пад Брэстам. За яго зняццё з выбараў камісія прагаласавала аднагаалосна. 

Старшыня камісіі Надзея Зайцава паведаміла, што Мароз зрабіў шмат парушэнняў падчас сваёй выбарчай кампаніі. 

Кандыдат падаў у выбаркам незавераную копію загаду аб прадстаўленні яму адпачынку. У камісіі кажуць, што дакумент ён прынёс позна і без пячаткі. 

У сацсетках ініцыятыўная група Мароза паведаміла пра сустрэчу з ім, прызначаную на 31 кастрычніка. Але кандыдат за два дні да сустрэчы не паведаміў пра яе ў камісію, як таго патрабуе заканадаўства. Праўда, і самоа сустрэча не адбылася, таму кандыдат і яго ініцыятыўная група не лічаць гэта парушэннем.

Таксама камісія пабачыла парушэнні ў выбарчай праграме Мароза, надрукаванай у газеце “Зара над Бугам”. “Мы сутыкнуліся з несправядлівым судом, міліцэйскім бязмежжам, бяздзеяннем чыноўнікаў”, — напісаў кандыдат. Выбаркам мяркуе, што гэта — “інфармацыя, якая ганьбіць гонар дзяржаўных органаў і судовай сістэмы”. Па словах адной з сябраў камісіі, "гэта падрывае статус нашай дзяржавы”.

Акрамя таго, у выбаркаме паведамілі, што атрымалі заявы ад некалькіх жыхароў Брэста, якія скардзіліся на ўлёткі ініцыятыўнай групы Мароза. Улёткі без выходных звестак запрашалі брастаўчан прыйсці на мітынг 3 лістапада, які пройдзе на перадвыбарчым пікеце Мароза. Сябры камісіі кажуць, што ўлёткі былі знойдзеныя ў гімназіі №6, на прыпынках, слупах і ў іншых месцах, дзе не прадугледжана размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў. Ва ўлётках напісана “Зменім карумпаваную ўладу”, што камісія палічыла заклікам да змены ўлады. 

Мароз і яго ініцыятыўная група назвалі гэтыя ўлёткі правакацыяй. Яны лічаць, што аўтараў улётак мусіць шукаць міліцыя. Спрэчка паміж камісіяй і ініцыятыўнай групай Мароза была вельмі эмацыйнай. Напрыканцы яе з залы выдалілі блогера Аляксандра Кабанава

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі