Вы тут

Апошняе паведамленне ў 01:26: у "Ноч музеяў" у Мінску знікла дзяўчына

Вікторыя Смірнова / Facebook

У "Ноч музеяў" у Мінску знікла дзяўчына. Увечары 18 траўня Вікторыя Смірнова пайшла ў Гістарычны музей на вуліцы Карла Маркса. Яе муж Вячаслаў піша, што, магчыма, яна сустрэла там знаёмых. Апошняе паведамленне ад дзяўчыны прыйшло 19 траўня ў 01:26, калі музей ужо быў зачынены. З таго часу сваякам і сябрам нічога не вядома пра месца знаходжання 34-гадовай Вікторыі, ужо больш за двое сутак яна не з'яўляецца ў сетках.

Знаёмыя непакояцца праз дзіўны пост, які Вікторыя Смірнова пакінула ў Facebook 16 траўня ў 3:47 раніцы:

"Цяпер палова на чацвёртую раніцы. І я шчаслівая.

Я не адразу разабралася, што адбываецца. Але я шчаслівая!

У мяне было шмат версій таго, што адбываецца. Я паспела палічыць сябе ненармальнай і нават гугліла псіхіятраў. Я адчувала сябе то бясконца няшчаснай, то бясконца шчаслівай. І я ўдзячная за гэта ўсім датычным ад чыстага сэрца.

Я не адразу разабралася, што адбываецца. Але я шчаслівая! Па шэрагу прычын я не змагу скончыць гульню. Я не магу ўдакладніць. Назавем гэта тэхнічнымі складанасцямі. Але гэта не мае значэння. Важны працэс, а не вынік".

16 траўня — чацвер. Па серадах Вікторыя рэгулярна наведвала заняткі FreedomDANCE, на якіх практыкуецца медытацыя ў руху і танцы. Заняткі прысвечаныя даследаванню сябе і свайго стаўлення да іншых праз рух.

На занятках FreedomDANCE / "СреДА FreedomDANCE с Катей Фроловой"

"Практыка FreedomDANCE — гэта не псіхатэрапія. Яна накіраваная на тое, каб чалавек рухаўся. Мы не вучым ніякім рухам, чалавек проста танчыць у рамках танцавальнага цыклу, які пабудаваны ад спакойнага руху да самага хуткага, і зноў сціхае да спакойнага, — распавядае Еўрарадыё выкладчыца FreedomDANCE. — Але, вядома, калі чалавек пачынае танчыць, ён прыводзіць у рух усе свае часткі: эмоцыі, адчуванні. Падымае ўзровень сваёй энергіі.

Мы як выкладчыкі нясем адказнасць за тое, што адбываецца з чалавекам у класе. Калі ён рухаецца, мы назіраем за яго станам. Але што адбываецца з чалавекам пасля класа — гэта не наша адказнасць. Я не заўважала, каб у Вікі былі нейкія псіхічныя адхіленні. Але мы з ёй сустракаліся ў кафэ, і яна казала, што знаходзіцца ў стадыі цяжкага разводу".

Муж зніклай дзяўчыны звярнуўся ў міліцыю і ў пошукава-выратавальны атрад "Анёл", ужо з'явілася арыенціроўка для яе пошуку: