Апазіцыя задумала “самую маштабную кампанію” за сваю гісторыю

20 снежня Партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, “Гавары праўду” і сацыял-дэмакраты з “Грамады” прэзентуюць пытанні са свайго “Народнага рэферэндуму”. Лідар БНФ Аляксей Янукевіч гаворыць, што неабходныя для правядзення галасавання 450 тысяч подпісаў будуць збіраць столькі часу, колькі спатрэбіцца.

“Мы будзем збіраць подпісы, пакуль мы іх не назбіраем. Думаю, няма падстаў лічыць, што гэты нашы мэты невыканальныя. Мы паўгода камунікавалі з людзьмі і запэўніліся, што яны гатовыя падпісвацца пад нашымі пытаннямі”, — перакананы Янукевіч.

Варыянт, калі патрэбная колькасць подпісаў сабраная не будзе, апазіцыянерамі пакуль не разглядаецца. Гавораць, што ў любым выпадку плён будзе — хаця б ад працэсу зносінаў з людзьмі. Прадстаўнікі згаданых партый і рухаў шэсць месяцаў ездзілі па Беларусі і сабралі самыя актуальныя, на іх погляд, праблемы. Такімі сталі бясплатная медыцына і адукацыя, выбары мясцовай вертыкалі, курс на збліжэнне з ЕС, адмова ад замежных вайсковых баз, кампенсацыя стратаў ад дэвальвацыі 2011 года і забарона займаць прэзідэнцкую пасаду больш за два тэрміны.

Пры гэтым выбар людзей здзівіў нават саміх апазіцыянераў. Аляксандр Мілінкевіч гаворыць, што не чакаў такога піетэту да Еўрасаюза з боку звычайнага народа.

“Хачу сказаць, што я напачатку лічыў, што гэтае пытанне не трапіць у спіс. Што яно для эліты, а не для народа. Але людзі гаварылі, што разумеюць: калі мы не маем нармальных эканамічных і палітычных адносінаў з Еўропай — то мы краіна дэфектная”.

А вось з далейшымі планамі не ўсё выразна. Для пачатку палітыкі хочуць сабраць пад сваёй ініцыятывай 50 тысяч подпісаў (з неабходных па закону 450 тысяч), рабіць гэта будуць падчас выбараў у мясцовыя саветы. Калі справа пойдзе, то збор працягнецца і падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, і нават падчас наступнай парламенцкай. Адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў кажа, што настолькі маштабнай палітычнай кампаніі беларуская апазіцыя яшчэ не ведала. І называе першапачатковую колькасць валанцёраў, неабходную для рэалізацыі задуманага, — каля 2500 актывістаў.

Не так і шмат, як на нашу краіну. З іншага боку, АГП, БХД і шэраг іншых арганізацый да “Народнага рэферэндуму” так і не далучылася. Займаюцца сваёй уласнай кампаніяй. Юрась Губарэвіч з Руху “За Свабоду” гаворыць, што нягледзячы на гэта дзяліць з імі арганізатарам “Народнага рэферэндуму” няма чаго.

“Нам няма чаго дзяліць з імі. У іх асноўнае пытанне — правядзенне свабодных выбараў. А мы гэтае пытанне ўзнялі за тры месяцы да таго, як яны стварылі сваю кааліцыю”.

Што з амбіцыйнымі планамі апазіцыянераў будзе далей — пакажа час. І па ўсім відаць, што няблізкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі