Апазіцыя задумала рэферэндум. Пакуль не ведае, калі і пра што

“Тры апазіцыйныя структуры — рух “За свабоду”, грамадзянская кампанія “Гавары праўду” і Партыя БНФ — збіраюцца і паведамляюць пра стратэгічнае партнёрства. Прычым, не пра партнёрства ўвогуле, а пра супрацоўніцтва і рэалізацыю доўгатэрміновай і канкрэтнай палітычнай праграмы”, — урачыста выступае на прадстаўнічай прэс-канферэнцыі 20 траўня Уладзімір Някляеў. І называе новае партнёрства “беспрэцэдэнтным крокам”.

Прысутнічаюць сам Някляеў, яго бліжэйшая рука Андрэй Дзмітрыеў, лідар ПБНФ Аляксей Янукевіч ды Аляксандр Мілінкевіч з Юрасём Губарэвічам з руху “За свабоду”. Усе ў гальштуках, у белых ці блакітных кашулях. Усе па чарзе расказваюць, як шмат можна дасягнуць, працуючы разам падчас будучых выбарчых кампаній — мясцовай, прэзідэнцкай і парламенцкай. За лета апазіцыянеры хочуць аб’ехаць 30 невялікіх гарадоў, дзе сустрэнуцца са сваім актывам і іншымі людзьмі, падыскутуюць аб актуальных праблемах ды складуць спіс тых, што цікавяць большую колькасць беларусаў. Затым збяруць подпісы за падвядзенне рэферэндуму па гэтых пытаннях. Прынамсі, пастараюцца сабраць. Бо прызнаюць, што галоўная мэта “Народнага рэферэндуму” — абуджэнне дыскусіі.

“Мы называем гэты рэферэндум “народным рэферэндумам” у тым сэнсе, што нашай мэтай ёсць абуджэнне ў грамадстве дыскусіі. У той частцы грамадства, якая хоча думаць пра сваіх дзяцей і жыць у сучаснай беларускай Беларусі. Абуджэнне дыскусіі аб тым, што павінна быць змененае”, — расказвае Мілінкевіч.

З удзелам у выбарчых кампаніях прасцей. На бліжэйшых мясцовых выбарах кандыдаты ад БНФ, руху “За свабоду” і кампаніі “Гавары праўду” пойдуць адным фронтам. Палітыкі абяцаюць, што праграма кожнага будзе складацца з двух комплексаў пытанняў — агульнанацыянальнага і лакальнага.

Не ўсё зразумела з прэзідэнцкімі выбарамі. Прыхільнікі ідэі “Народнага рэферэндуму” заяўляюць пра неабходнасць вызначэння адзінага кандыдата ад усёй апазіцыі. Калі ж не атрымаецца, то абяруць аднаго на траіх. Пакуль не ведаюць, каго. Увогуле, з адказамі на пытанні ў ініцыятараў “Народнага рэферэнуму” было няпроста — прамых адказаў журналісты так і не дачакаліся.

Не зусім зразумела таксама, ці хопіць сіл рэалізаваць такія грандыёзныя планы. Андрэй Дзмітрыеў прызнаецца, што пакуль распрацаваны канкрэтны план дзеянняў на лета — ездзіць па рэгіёнах. Што будзе восенню — пытанне.

“У нас ёсць пэўныя думкі, як фінансаваць гэтую кампанію. Каб людзі самі далучаліся да фінансавання, да падтрымкі гэтай кампаніі. Праз нейкі час мы пра іх распавядзём. На сённяшні дзень, на гэтыя тры месяцы патрэбныя воля і жаданне”.

Яшчэ больш незразумелага ў справе пашырэння аб’яднаўчай ініцыятывы на іншыя апазіцыйныя колы. Лідары згаданай тройкі паведамілі, што будуць рады бачыць сярод сябе і іншыя беларускія апазіцыйныя рухі і партыі. Праўда прызналі пры гэтым, што пакуль нікога больш не запрашалі.

Еўрарадыё звярнулася па каментарыі да Анатоля Лябедзькі і Віталя Рымашэўскага. Старшыня АГП кажа, што “Народны рэферэндум” для яго — таямніца і загадка.

“Шчыра заяўляў, што для АГП “Народны рэферэндум” — таямніца і загадка. Таму сказаць, што мы можам далучыцца — было б як мінімум паспешліва”.

Сустаршыня БХД Рымашэўскі гаворыць, што не выключае ўдзелу хрысціянскіх дэмакратаў у правядзенні “Народнага рэферэндуму”. Але дае зразумець, што падобных ініцыятыў хапала раней і заканчвааліся яны нічым:

“Я пакуль не бачу нейкіх канкрэтных дзеянняў. У беларускай палітыцы занадта шмат робіцца гучных, часам, добрых заяў, за якімі пасля не крочаць справы”.

І гэта яшчэ лагодна сказана. Паплечнік Саннікава Зміцер Бандарэнка ужо назваў Мілінкевіча, Янукевіча і Някляева “адбелівацелямі рэжыма”.

Ці будуць крочыць справы за “Народным рэферэндумам”, і куды — пабачым ужо восенню. Лідары “тройкі” паабяцалі ў верасні стварыць камітэт па яго правядзенні. Калі атрымаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі