Апазіцыя: у Палату прадстаўнікоў пройдуць толькі “каты Леапольды”?

Апазіцыянерам, якія стануць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, давядзецца вызваляць затрыманых з Акрэсціна, каб даказваць сваім жа, што яны не “на кручку ўлады”. Выбараў яшчэ няма, а будучыя дэпутаты ад апазіцыі ужо ведаюць, што скажуць ім паплечнікі на наступны дзень пасля выбараў. Мікола Статкевіч, напрыклад дапускае, што ўлады маглі ўжо вызначыць групу апазіцыянераў, якіх "прапускаюць" у Палату прадстаўнікоў:

"Думаю, што на гэтых людзей павінен быць кампрамат рознага кшталту, альбо проста падпіска аб супрацоўніцтве".

Статкевіч мяркуе, што з гэтымі кандыдатамі ўжо прайшлі размовы “наверсе”, падчас якіх даваліся пэўныя гарантыі. Прыкладна тое ж кажа і адзін з ідэолагаў “Байкоту” Зміцер Бандарэнка:

"Мы памятаем, як разагналі Вярхоўны Савет. Лукашэнка сказаў: "Хто хоча быць кандыдатам, пішыце мне заяву ў Палатку". І пайшлі людзі пісаць заяву. Вось і зараз Лукашэнка кажа: "Хлопцы, пішыце заяву, а я ўжо буду разглядаць, пусціць вас ці не пусціць. Вось заходнікі кажуць, што аднаго-дваіх пусціць”.


Юрась Беленькі, адзін з лідэраў КХП-БНФ, перакананы, што калі ў Палату прадстаўнікоў і патрапяць "апазіцыянеры", то гэта могуць быць толькі людзі, "заангажаваныя спецслужбамі", ці людзі, якія маюць "таемныя пагадненні з рэжымам".

Юрась Беленькі: "Самастойнае прахаджэнне ў гэтую структуру рэжыма немагчымае. Таму, я думаю, маюць рацыю тыя людзі, якія даюць жорсткія вызначэнні гэтым асобам".

Адзін з тых кандыдатаў, якога сватаюць у Палату, Алесь Міхалевіч кажа, што ўжо прызвычаіўся да падобных абвінавачванняў:

"На мяне і так вешаюць ярлыкі, абвінавачваюць. Дастаткова было аднаго інтэрв'ю ў "Беларускай думцы", часопісе Адміністрацыі прэзідэнта, каб некаторыя сказалі, што "Міхалевіч прадаўся ўладам". Калі людзі пабачаць канкрэтныя вынікі працы, дык ярлыкі адпадуць”.

Кандыдат у дэпутаты Анатоль Ляўковіч гаворыць, што за 25 год у палітыцы яго неаднойчы называлі здраднікам.

Анатоль Ляўковіч:
"Да мяне гэтыя ярлыкі не клеюцца".

Яшчэ адзін “падазроны” Уладзімір Нісцюк, які балатуецца ў Мінску, прапануе спачатку паглядзець на тых, хто абвінавачвае: “Я ўжо шмат гадоў ад сваіх калегаў шматлікіх атрымліваю такую мянушку  як "агент КДБ", “агент уплыву Лукашэнкі”. Чую гэта ад тых, хто сам нічога ў вялікай палітыцы не зрабіў, не робіць і зрабіць не можа... Калі нават тры чалавекі пройдуць, гэта будзе вялікі зрух. Мы памятаем, што ўжо была невялікая купка людзей у Палаце прадстаўнікоў на чале з Фраловым, Парфяновічам, Скрабцом”.

Мікола Статкевіч дапускае, што дэпутаты-апазіцыянеры, да якіх будзе "вялікае падазрэнне", маюць шанс "рэабілітавацца":

"Самы лепшы спосаб - гэта жорсткае супрацьстаянне ў сценах парламента. А калі ж яны паспрабуюць гуляць у "катоў Леапольдаў", іх "закапаюць" свае калегі па дэмакратычных сілах".

Дзеля прыкладу Статкевіч прапанаваў “здраднікам” выкарыстоўваць дэпутацкі статус, каб вызваляць затрыманых удзельнікаў вулічных акцый з пастарункаў.

Алесь Міхалевіч мяркуе, што нават некалькі дэмакратаў у парламенце маглі б змяніць імідж усёй апазіцыі:

"Калі некалькі дэпутатаў будуць адэкватнымі, прапаноўваць нармальныя меры, дзеянні, акцыі, то гэта зменіць і агульны імідж апазіцыі таксама".

Аднак Юрась Беленькі гаворыць, што гэтымі «адзінкамі» ў Палаце прадстаўнікоў улады могуць "прыкрывацца", каб дэманстраваць "дэмакратычнасць":

"Нават калі ўявіць, што пройдзе самы сапраўдны апазіцыянер, ягонае абурэнне, ягонае галасаванне супраць толькі будзе падкрэсліваць, што "ідзе парламенцкае змаганне", ёсць "два позіркі на сутнасць рэчаў, і адзін позірк у абсалютнай меншасці".

Затое Мікола Статкевіч нечакана дапускае, што калі дэмакратычныя дэпутаты захаваюць сваю рэпутацыю, то атрымаюць добры трамплін для наступных прэзідэнцкіх выбараў:

"Тады рэпутацыя гэтых людзей будзе абеленая. І магчыма нават, што яны будуць прэтэндаваць на ўдзел у якасці кандыдатаў у прэзідэнты на наступных выбарах".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі