Антыфашыстаў асудзілі на трое сутак адміністрацыйнага арышту

Чатырох чалавек, сярод якіх адна дзяўчына, асудзілі на трое сутак адміністрацыйнага арышту за антыфашысцкі пікет каля расійскай амбасады ў Мінску. Такое рашэнне прыняў у панядзелак суд Цэнтральнага раёна сталіцы. Нагадаем, у нядзелю , 7 кастрычніка, у Мінску каля расійскага дыппрадстаўніцтва адбыўся антыфашысцкі несанкцыянаваны пікет.

Каля 50 маладзёнаў трымалі расцяжку “Не фашызму” і партрэты чатырох чалавек, якія загінулі ў Расіі ад рук неафашыстаў. Акцыя была накіраваная на прыцягненне ўвагі да пачасціўшыхся нападаў на замежнікаў у Расіі.

Праз 5 хвілін міліцыянты разагналі ўдзельнікаў пікету. Чатыры чалавекі былі затрыманыя і дастаўленыя ў РАУС Цэнтральнага раёна Мінска.

Ноч да суда яны правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. З улікам гэтага, антыфашысты выйдуць на волю ў сераду ўвечары.