Антон Фурс: За жаданне вучыцца на роднай мове давалі нават расстрэл

Сёлета споўніцца 70 гадоў з часу заснавання ў Глыбокім і Паставах падпольных груп беларускай моладзі, якія вясной 1946-га аб’ядналіся ў Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). У часы сталіншчыны юнакі і дзяўчаты спрабавалі мірнымі сродкамі змагацца за навучанне на беларускай мове, марылі пра незалежнасць Беларусі. У 1947 годзе ўсіх іх арыштавалі, дапытвалі, катавалі, а пасля адправілі на доўгія гады ў лагеры ў Расіі, Казахстане.

Жыхары Паставаў Алеся і Антон Фурсы ўжо больш за паўстагоддзя крочаць разам па жыцці. Хаця яны былі асуджаныя па адной справе — СБП, пазнаёміліся ўжо пасля вызвалення, у 1957-м. Алеся Фурс (Умпіровіч) нядаўна адзначыла дзевяностагоддзе, яна кепска сябе адчувала і не магла размаўляць. Антон адзначыць юбілей у 2017-м, ён бадзёры, спрабуе жартаваць.

Антон Фурс паспеў павучыцца пры трох уладах: пры польскай, савецкай, пад нямецкай акупацыяй і зноў пры савецкай уладзе. У 1943-м ён закончыў беларускую прагімназію, дзе вучыўся на роднай мове. Пры “другіх саветах” Фурс паступіў у Глыбоцкую педвучэльню, якая рыхтавала настаўнікаў. Там і ўтварылася беларускае моладзевае падполле. Як пратэст супраць палітыкі русіфікацыі, якую ўкаранялі ўлады. Мэтаў звяржэння ўлады яны не ставілі.

Антон Фурс: “Наша арганізацыя вялікіх мэтаў не ставіла. Ну як мы маглі ставіць, нас жменька, а там такая махіна дзяржаўная?! Мы за мову змагаліся, у асноўным, за мову. Думалі, што закончым вучобу, паедзем па вёсках, нас размяркуюць, мы павінны там дзяцей вучыць беларускасці, свядомасці, вось што. Ну а далі нам "добра", чатыром жа былі даўшы смяротную кару...”.

Хлопцам і дзяўчатам не далі скончыць вучэльні, усіх сяброў арганізацыі "Саюз беларускіх патрыётаў" арыштавалі. Гаворыць Антон Фурс:

“У 1947-м мы ўжо заканчвалі, былі на практыцы, я ў глыбоцкай другой школе два ўрокі паспеў правесці…  Ну а потым нас ужо арыштавалі. Мы дакументаў [аб заканчэнні вучэльні] не атрымалі, яны не пусцілі, каб мы па вёсках разышліся”.

Смяротную кару для некалькіх падпольшчыкаў замянілі на 25 гадоў зняволення. Антон Фурс атрымаў 15 гадоў зняволення, большую частку тэрміну адбываў у Казахстане, яго будучая жонка — ў Мардовіі. Пасля таго, як па вызваленні яны стварылі сям’ю, іх нідзе не бралі на працу.

“Але ў нам выдалі пашпарты, а ў калгаснікаў іх не было, — кажа Антон Фурс. — Таму і паехалі мы ў Казахстан, у той самы раён, дзе адбываў я тэрмін”.

Там і адпрацаваў ён на шахце да 1982 года. А тады ўжо яны пераехалі на радзіму, у Паставы.

Зараз з былых сяброў арганізацыі ў Паставах яны засталіся ўдваіх. Нягледзячы на свой узрост, пра смерць спадар Фурс выказваецца з гумарам:

“Цяпер ужо ўдваіх. Вось у мінулым годзе двое памерлі — Мацук Алена і Сідаровіч Яўген. А мы дужа зажыліся… Я смяюся, зімой холадна паміраць, вясной прырода ажывае, таксама неахвота. Летам усяго ёсць. Ну няма калі паміраць...”.

На развітанне пытаемся, ці няма крыўды на цяперашнюю ўладу, што ўжо ў незалежнай Беларусі іх не шануе, не прызнае іх заслугаў. “Добра, хоць не чапляецца”, — адказвае Антон Фурс.


У гэтым драўляным доме пастаўскія падпольшчыкі прымалі прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" на вернасць ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі. Цяпер у доме жывуць нашчадкі тых гаспадароў, якія ў 1940-я здавалі кватэру студэнтам.