Вы тут

Анкета Караткевіч: Самая дарагая пакупка? Падарунак сыну

1. Імя/ Імя па бацьку/ Прозвішча — Таццяна Мікалаеўна Караткевіч

2. Месца нараджэння — У Мінску, у 1-м раддоме, здаецца. Так, дакладна ў 1-м.

3. Узрост — 38 гадоў мне. Нядаўна ў сваіх валанцёраў спраўджвала. Кажу ім: “Колькі мне гадоў?”. 38. “Ну ладна”.

4. Рост, вага — Рост мой 169. Важу… Нешта каля 80 кг.

5. Сямейнае становішча (дзеці, унукі) — Замужам. Дзіця адно — сын, 12 гадоў.

6. Мянушка (у дзяцінстве, а, магчыма, і цяпер) — Ды не, не было. Прыдумлялі, прыдумлялі ды не прыдумалі. Дзявочае прозвішча Халецкая ў мяне. І дзеці прыдумалі — Халва. Але не клеілася.

7. Якімі мовамі валодае — Рускую, беларускую ведаю. Англійскую вывучаю.

8. Адукацыя — Вышэйшая, плюс я магістр псіхалагічных навук. Скончыла педагагічны ў Мінску, магістратуру ў БДУ.

9. Любімы і нелюбімы прадмет у школе/універсітэце — Ухх… Пра школу скажу, што я харашысткай была такой. На ляту схоплівала ўсё. Любімым прадметам, канечне, была беларуская мова і літаратура. Руская літаратура таксама. Хаця я пры гэтым вучылася спачатку ў фізмаце, потым на гуманітарны кірунак перайшла. Тады яшчэ былі такія размеркаванні. А ва ўніверсітэце ўжо было і незразумелых шмат. Такіх як радыяцыйная бяспека, напрыклад. Хаця, магчыма ўсё спатрэбіцца. А можа, і не.

10. Адзнакі ў школе/універсітэце — Чацвёркі і пяцёркі. Дыпломы такія ж. Троек не было.

11. Гадавы даход — 60 мільёнаў за 2014 год было.

12. Самая дарагая пакупка за апошні год — Складаны быў год… Напэўна, падарунак на дзень народзінаў сыну. Прыстаўку Sony Play Station Vita. Так прасіў, так прасіў ён. Я і набыла. 250, здаецца, каштавала. Гульні яшчэ.

13. Колькі разоў была за мяжой у апошні год і ў якіх краінах — Апошні год шмат ездзіла. Быў такі культурніцкі праект у мяне разам са Змітром Вайцюшкевічам. Мы ў краіны Скандынавіі ездзілі. А так — бываю. Не хачу сказаць, што часта. Працы шмат цяпер. Я тут у “Гавары праўду” невыязная.

14. Марка гадзінніка — Няма. Чакаю ў падарунак )

15. Марка аўтамабіля — У сям’і ў нас ёсць два аўтамабілі. Старэнькія яны, але ездзяць. Я да кампаніі ездзіла на “Хондзе Акорд”. Як у твітары напісалі — “хондаводка”.

16. Дзе адпачывала апошні раз — У Беларусі. На рацэ “Друць” у Бялыніцкім раёне. Такім дзікім спосабам. Калі ты ў індзейскім ціпі, спіш на паветры, купаешся ў рацэ, п’еш крынічную ваду, ясі простую ежу. Я так люблю.

17. Самая любімая кніга/Апошняя прачытаная кніга — Цяпер я ў асноўным палітычную і эканамічную літаратуру чытаю. А любімае… Канечне, ёсць беларускае. “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Маладых паэтаў беларускіх люблю. Таццяну Нядбай, Хадановіча.

18. Топ-3 фільмы і самы апошні, які глядзеў — Кіно я люблю глядзець. І шмат-шмат яго пераглядзела. Але ёсць такія фільмы, якія адбіваюцца на ўспрыняцці. Якія пераглядаеш шмат разоў. Калі працавала ва ўніверсітэце, то сваіх студэнтаў нават вадзіла ў кіно на фільм “У жніўні 44-га”. Вельмі падабаецца “Апакаліпсіс” Мэла Гібсана. Гэта вельмі моцны фільм. Як толькі ён выйшаў, то хто б у госці ні прыходзіў, я прымушала глядзець. А там жа тры гадзіны. Але для мяне гэта вельмі моцнае кіно. Вучыць простым рэчам. Глядзелі? Паглядзіце. Моцна раю. Раскажаце потым, ці спадабалася. З дзявочых падабаюцца “Масты акругі Мэдысан” з Клінтам Іствудам. Але гэта не для вас кіно. Не для хлопцаў.

19. Любімая музыка. Тры найлепшыя выканаўцы — У машыне ў асноўным слухаю. Раніцай — нейтральнае джаз-радыё. А ў машыну раблю зборкі найлепшых песень. Самыя забойныя. Шмат беларускай — “Серебряная свадьба”, “Троіца”, Вайцюшкевіча слухаю. “Порт Манэ” з апошняга што люблю. Некалі моцна падабаўся “Маўзер” — “Беларусь будзе вольнай”. Уключыш і адрываешся. Замежную шмат слухаю. Вельмі розную. Увогуле ў музыцы люблю мінімалізм.

20. Любімы від спорту. Каманда, за якую балее  — Каб я ведала кожнага спартоўца, то, вядома, такога няма. У нас тут ёсць фан-клуб спартовы. Мы глядзім, як нашы гуляюць, заўсёды. Герасіменю ведаю, зборную па біятлоне. Сачу, вядома. Але каб гэта было абавязковай праграмай, то не. Была ў Львове на футбольным матчы Украіна — Беларусь.

21. Любімая страва і яе рэцэпт — Складанае пытанне. Я люблю гатаваць. Але звычайна начытаешся нейкага рэцэпта, падглядзіш штосьці, а потым па-свойму зробіш. Але каб адна фірмовая страва, пірог фірмовы, напрыклад, то такога няма. Цяпер увогуле шмат магчымасцяў гатаваць.

22. Добрая звычка — Напэўна, быць удзячнай людзям. Дзякаваць, калі штосьці добрае зрабілі.

23. Кепская звычка — Відаць, яна ж і дрэнная. Людзей гэтым можна разбалаваць.

24. Любімая цытата палітыка — “Я стаміўся, я сыходжу”. Палітык гэта не любімы, але цытата вельмі класная. Вельмі своечасовая, здаецца.

25. Чый Крым? — Украінскі. Я выступаю за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

26. Колькі тэрмінаў на пасадзе павінен быць прэзідэнт? — Два. У сэнсе адзін. А калі яшчэ раз выберуць, то два. Магчыма. Але не больш.

27. За каго галасаваў на мінулых выбарах — За Някляева. Гавару праўду.

28. Першы ўказ на пасадзе прэзідэнта — Скараціць Адміністрацыю прэзідэнта. Да сакратарыята. І гэтыя ўсе будынкі, рэзідэнцыі людзям аддаць. Усё гэта вось.

29. Першы візіт у якасці прэзідэнта — Ведаеце, я калі пачала кампанію, то паехала ў Бабруйск. А замежны… Гледзячы як інаўгурацыя пройдзе. Гледзячы хто прыедзе. Запрасіла б на яе ўсіх. У нас ёсць краіны, з якімі цесныя адносіны, з якімі не. Трэба будзе выбіраць. Ёсць вызначаныя партнёры, такія, як Расія. Варта было б і туды паехаць. Пацвердзіць свой намер і надалей развіваць адносіны.

30. Слоган кампаніі — Мірныя перамены, толькі так!

 

Чытайце таксама Анкета кандыдата. Сяргей Гайдукевіч: Я прафесійна гатую і спяваю

І яшчэ Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам