Вы тут

Андрэйчанка: думаю, у Беларусі трэба прыходзіць да змяшанай сістэмы выбараў

Уладзімір Андрэйчанка / скрыншот

Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв'ю праграме "Контуры" заявіў, што Беларусі варта рухацца да мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы выбараў, калі частка кандыдатаў праходзіць у парламент па партыйных спісах.

"Што тычыцца далейшага ўдасканалення заканадаўства, я думаю, што нам трэба паступова прыходзіць да змяшанай сістэмы выбараў. Гэта значыць да мажарытарна-прапарцыйнай. Так ва ўсім свеце. Рэзка гэтага не трэба рабіць. Але рухацца ў гэтым напрамку трэба", — сказаў Андрэйчанка.

Мажарытарна-прапарцыйная сістэма сапраўды даволі папулярная ў свеце. У прыватнасці, яна ўжывалася на апошніх парламенцкіх выбарах ва Украіне.

Па словах Андрэйчанкі, сёння ў беларускім парламенце працуюць прадстаўнікі пяці партый. Спікер Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што любая партыя можа вылучыць сваіх кандыдатаў у любой выбарчай акрузе — нават калі ў яе няма там першаснай арганізацыі.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына на гэтым тыдні выказала супрацьлеглы пункт гледжання. Яна станоўча ацэньвае той факт, што ў Беларусі прынятая мажарытарная выбарчая сістэма, а галасавання па партыйных спісах няма. "Таму ў нас немагчыма прыкрыцца папулярным брэндам — ​​кожны павінен нешта з сябе ўяўляць", — заявіла Ярмошына.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання пройдуць у Беларусі 17 лістапада. За месяц да гэтага скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў. Падаць дакументы ў выбаркам жадаючыя пазмагацца за месцы ў парламенце павінны да 7 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.