Андрэй Арамнаў выйшаў на памост у іміджы Пушкіна (Фотарэпартаж)

Алімпійскі чэмпіён у чарговы раз перамог на чэмпіянаце Беларусі. Еўрарадыё даведалася, ці вярнулі яму прэзідэнцкую стыпендыю і чаму штангіст трапіў у дэпрэсію 
Перад гледачамі спартовага комплекса “Спартак” у Мінску Андрэй Арамнаў з’явіўся ў новым іміджы. Алімпійскі чэмпіён адрасціў кучаравую фрызуру, радзенькія бакенбарды і зрабіўся знешне вельмі падобным да класіка расійскай літаратуры. 
“Я не разумею, гэта Арамнаў ці гэта Пушкін штангу падымаць выйшаў?” – шапталіся гледачы.


Арамнаў крочыць на памост




На чэмпіянаце Беларусі Андрэю Арамнаву зноўку не было роўных. Ён ледзьве не пабіў свой уласны сусветны рэкорд, але “змазаў” апошнюю спробу. 

“За два дні да чэмпіяната Беларусі вельмі сапсаваўся настрой, рукі апускаліся, не мог трэніравацца, таму і выйшла асечка на апошняй спробе”, − выказаўся Андрэй Арамнаў журналістам і пайшоў на цырымонію ўзнагароджвання. 

Медаль за першае месца алімпійскаму чэмпіёну ўручыў міністр спорту і турызму Алег Качан. 


Штангісты чакаюць узнагароджванння. Арамнаў - першы справа. 

Міністр Алег Качан уручае Андрэю медаль



Пасля цырымоніі ўзнагароджвання на Арамнава накінулася карэспандэнтка “Першага нацыянальнага”. Пыталася, у якой форме штангіст, як сябе адчувае  перад чэмпіянатам свету, які адбудзецца ў лістападзе ў Карэі. 

“Пакуль што я не зусім падрыхтаваны, жывецца мне некамфортна”, - выдаў штангіст. 
“Чаму?” – здзівілася журналістка.
“Грошай няма”, − адказаў Арамнаў.
Журналістка загадала аператару выключыць камеру і дадала:
“Стыпендыю вам вярнулі!”
“Ну не ведаю! – запярэчыў штангіст.− Абяцалі вярнуць, але за апошні месяц атрымаў 226 тысяч. Годны заробак для алімпійскага чэмпіёна, праўда? Хацеў ехаць у міністэрства, пажаліцца, ды не было  грошай талончык у метро купіць. Вельмі нерваваўся, таму і на чэмпіянаце паказаў не ўсё, на што здольны. Праўда, абяцаюць вярнуць стыпендыю з наступнага месяца”. 


Штангіст даў прыкурыць тэлебачанню

Нехта з балельшчыкаў Арамнава, а такіх набралася некалькі дзесяткаў, крыкнуў: “З такім заробкам, Андрэй, едзь за мяжу!”

“Не! – адказаў Арамнаў на развітанне. – Я люблю Беларусь, наш народ і нікуды ехаць не збіраюся. Спадзяюся, усё наладзіцца”.  


Даліканты і ветлівы Андрэй Арамнаў сфатаграфаваўся з усімі сваімі фанатамі


Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі