Анархісты правялі ў Мінску акцыі супраць дзеянняў міліцыянтаў

16 студзеня анархісты правялі ў Мінску серыю акцыяў на знак пратэсту супраць дзеянняў праваахоўных органаў на нядаўнім канцэрце італьянскага панк-гурта “Калашнікаў” у сталічным клубе “Піраты”.


Увечары 10 студзеня канцэрт быў сарваны з-за ўмяшання АМАПу, які нібыта ладзіў аперацыю па спыненні распаўсюду наркотыкаў.

Усіх прысутных паставілі тварам да сцяны, абшукалі, затым сабралі асабістыя дадзеныя і знялі на камеру. Тры чалавекі, якія прыйшлі на канцэрт, былі затрыманыя. 12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну двое з затрыманых былі асуджаныя на 10 сутак арышту нібыта за дробнае хуліганства, а яшчэ адна затрыманая дзяўчына была аштрафаваная на 10 базавых велічыць.

Акцыі пратэсту прайшлі ля будынку Ленінскага РУУС, суда Ленінскага раёна і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (турма на Акрэсціна), пішуць naviny.by

“Гэтымі акцыямі мы хочам звярнуцца да ўсіх карных органаў. Вы спрабуеце нас запалохаць, але ў вас гэта не атрымліваецца. Канцэрты будуць працягвацца, людзі будуць і далей займацца пратэстнай дзейнасцю. Салідарнасць мацнейшая за страх. Наша першая сімвалічная акцыя прысвячаецца асабіста ўсім АМАПаўцам, якія выконвалі загад, і КДБэшнікам, якія яго аддавалі, а таксама іх паслугатым з Ленінскага РУУС, якія цалкам ім паспрыялі”, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце “Анархісцкі Чорны Крыж-Беларусь”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі