Аналітык: Не трэба чакаць, што пасля дэнамінацыі мы збяднеем ці пабагацеем

Аналітык: Не трэба чакаць, што пасля дэнамінацыі мы збяднеем ці пабагацеем

Пасля таго як кіраўніцтва аб’явіла, што ў Беларусі адбудзецца дэнамінацыя, гэта тэма № 1 сярод беларусаў. Пра яе людзі размаўляюць у транспарце, пераказваюць родным па тэлефоне, пералічваюць цэны на новыя грошы, шукаюць новыя кашалькі і ўспамінаюць, як гэта адбывалася першыя два разы за час існавання незалежнай Беларусі.

Прадпрымальнік Юрый пачаў працаваць у 90-я. Кажа, што тады людзі адназначна збяднелі, бо некаторыя цэны былі пералічаныя, і не на карысць пакупнікоў: 1 рубель 75 капеек акруглялі да 2 рублёў.

Цяперашняя дэнамінацыя для Юрыя, як і для многіх беларусаў, — цёмны лес.

“Дэнамінацыя вядзе да мікшавання праблем. Мне здаецца, ад таго, што зменяцца грошы, інфляцыя будзе ісці больш хуткімі тэмпамі, але мы не будзем яе заўважаць так добра. Калі цяпер долар падскоквае на 300 рублёў, мы гэта добра заўважаем, а калі на тры капейкі, для нас гэта будзе не так істотна”, — кажа Юрый. 

Аналітык: Не трэба чакаць, што пасля дэнамінацыі мы збяднеем ці пабагацеем

Ён не разумее, навошта праводзіць дэнамінацыю, калі для звычайных людзей нічога не зменіцца. “Каму гэта трэба?” — пытаецца Юрый. Ён лічыць, што новыя грошы прывядуць да блытаніны з купюрамі, асабліва будзе складана прывыкнуць пажылым людзям.

Еўрарадыё паглядзела, як адбываліся першая і другая дэнамінацыі ў Беларусі.

Дэнамінацыя 1994 года — мінус адзін нуль на купюрах

Падчас дэнамінацыі 1994 года з купюр прыбралі адзін нуль, і рубель абясцэніўся ў 10 разоў. Тады ў Беларусі з’явіліся “зайчыкі”, “зубры” і "ваўкі".

 

Аналітык: Не трэба чакаць, што пасля дэнамінацыі мы збяднеем ці пабагацеем

“У студзені 1995 года была інфляцыя 80%! Новыя грошы гэтак жа хутка абясцэньваліся, як і старыя, праз гіперінфляцыю. Але тады быў іншы час, і гэта ўспрымалася зусім па-іншаму”, — кажа эканаміст Сяргей Чалы.

У выніку гіперінфляцыі, пакуль новыя банкноты друкаваліся, яны адразу абясцэньваліся. І было вырашана да новых грошай дадаваць нуль. Да прыкладу, было не 5 рублёў, а пяцьдзясят.

Дэнамінацыя 2000 года стала другой за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Тады з беларускіх грошай прапала тры нулі.

Перад дэнамінацыяй 2000 года ў Беларусі зафіксавалі рэкордны ўзровень інфляцыі — болей за 107%! Такі ж узровень быў у Беларусі зафіксаваны толькі падчас крызісу 2011 года.

“У 2000 — гэта быў час, калі людзі вельмі дрэнна жылі. Як вынік — васьмікратнае падзенне курса беларускага рубля, даходы насельніцтва былі вельмі нізкімі. А пасля дэнамінацыі ў нас было адчуванне, што сусветная эканоміка прайшла нейкую нулявую кропку, а разам з ёй і наша. І далей павінна быць лепей”.

Узровень інфляцыі з 2001 года пачаў падаць, і цэны ў Беларусі набылі адносную стабільнасць.

Дэнамінацыя 2016 года. Станем бяднейшымі ці багацейшымі?

Трэцяя дэнамінацыя адбудзецца ў ліпені 2016 года. З моманту першай дэнамінацыі ў 1994 годзе беларускі рубель ужо абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў!

Як кажа старшы аналітык “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб, ніякіх эканамічных катастрофаў беларусам не варта чакаць. 

Аналітык: Не трэба чакаць, што пасля дэнамінацыі мы збяднеем ці пабагацеем

“Папярэднія дэнамінацыі праводзіліся ў той час, калі не было падставаў для стабілізацыі курса. Шмат гадоў улады, Нацбанк абмяркоўвалі правядзенне дэнамінацыі і заўсёды казалі, што яе трэба праводзіць пасля навядзення парадку ў эканоміцы. Тое, што зараз праходзіць дэнамінацыя, азначае, што ёсць надзеі на запавольванне інфляцыі”.

 

Вадзім Іосуб

Калі не будзе эканамічных рэформаў, не будзе і эфекту ад дэнамінацыі кажа і экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. Без эканамічных рэформаў беларусам будзе ні холадна ні горача ад змены грошай.

"Беларусы будуць з большай павагай ставіцца да беларускіх грошай. Дэнамінаваныя два рублі будуць роўныя аднаму еўра. Улады не будуць дапускаць фальшываманетніцтва ў выглядзе друкавання пустых грошай. Дэнамінацыя — гэта тэхнічнае мерапрыемства. Абмянялі грошы. І будзе дыскамфорт, бо мы ўсе мільянеры цяпер. А пасля чалавек будзе лічыць капейкі", — смяецца Станіслаў Багданкевіч.

Ён падкрэслівае: без падаўлення інфляцыі атрымаецца, што ўлады проста выкінулі дзясяткі мільёнаў долараў на друк новых грошай, і ўсё.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі