Расійскія войскі не рыхтуюцца да штурму ўкраінскай сталіцы, паведаміў BBC падчас візіту ў Варшаву высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік, які пажадаў застацца ананімным.
Па ягоных словах, расійскія сілы пачалі засяроджвацца на Данбасе.
"Яны, безумоўна, зрабілі яго больш прыярытэтным у сваім спісе", — мяркуе чыноўнік і кажа, што на Данбас можа быць адпраўлена ваеннае падмацаванне з Грузіі, дзе Расія пачала мабілізацыю.
У той жа час, ЗША заяўляюць, што расійскія войскі не прасунуліся ў наступе на Харкаў і спыніліся ў 15 кіламетрах ад Мікалаева — яны спрабуюць адрэзаць горад ад падтрымкі з боку Украіны, але беспаспяхова.
Чыноўнік таксама не выключае, што ўкраінскія вайскоўцы могуць вярнуць кантроль над Херсонам. Расія заявіла аб узяцці горада яшчэ на пачатку сакавіка.
Па інфармацыі ЗША, з пачатку вайны Расія ажыццявіла 1250 ракетных запускаў, пры чым апошнім часам расійскія самалёты сталі лётаць часцей, здзяйсняючы да 300 вылетаў у дзень.