Амбасадары пра візіт у МЗС: сапраўдным гаспадаром быў старшыня Дзяржкантролю

Амбасадары пра візіт у МЗС: сапраўдным гаспадаром быў старшыня Дзяржкантролю

Увечары амбасадары краін Еўрасаюза і кіраўнік дыпмісіі ЗША былі запрошаныя на сустрэчу ў МЗС. Размова там ішла пра "справу Белгазпрамбанка", па якой затрыманы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка.

Паводле афіцыйных звестак, беларускі бок прапанаваў іншым краінам супрацоўнічаць у раскрыцці "справы Белгазпрамбанка". 

У каментарах сайту Reform.by некаторыя з удзельнікаў сустрэчы ананімна падзяліліся сваімі ўражаннямі. 

Па іх словах, на сустрэчы рэй вёў не кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, а старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель (былы намеснік старшыні КДБ). "Ён выглядаў сапраўдным гаспадаром становішча", — апісаў адзін з удзельнікаў.

Церцель расказаў дыпламатам пра "справу Белгазпрамбанка". Па іх словах, яго выступ не адрозніваўся ад таго, што кіраўнік КДК казаў дзяржаўным СМІ. "Агульнае першае ўражанне — справа выглядае як сабраная на каленцы і чымсьці нагадвае папярэднія скандальныя справы ў стылі справы "Белага легіёну", — піша Reform.by.

Прысутныя кажуць, што Церцель звяртаўся да дыпламатаў даволі жорстка і нават агрэсіўна. У прадстаўнікоў краін ЕС, па іх словах, склалася ўражанне, што іх запрасілі для таго, каб абразіць.

Зранку 18 чэрвеня прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыка затрымалі разам з яго сынам і кіраўніком ініцыятыўнай групы Эдуардам. Іх дапыталі па "справе Белгазпрамбанка" ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў, не дапускаючы адвакатаў. Увечары стала вядома, што абодва Бабарыкі — у СІЗА КДБ. У каментары дзяржаўным СМІ старшыня КДК Іван Церцель заявіў, што гаворка ідзе пра вывад за мяжу 430 мільёнаў долараў.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі