АМАП забраў у ганцавіцкага пенсіянера 17 скрыняў гарэлкі

Чарговы раз супрацоўнікі міліцыі правяралі аператыўную інфармацыю і разам з байцамі брэсцкага АМАПа завіталі ў “госці” да дзеда. Як піша газета “Ганцавіцкі час”, праваахоўнікі знайшлі ў хаце пенсіянера самагонны апарат і 339 бутэлек гарэлкі, якая захоўвалася без адпаведных дакументаў.





За самагонны апарат вясковец можа атрымаць штраф у 500 тысяч рублёў. А вось знойдзеную гарэлку пакуль вывезлі ў краму райспажыўтаварыства на адказнае захоўванне. Гісторыю “вогненай вады” правераць падаткавікі.





Дарэчы, згодна з дэкрэтам кіраўніка краіны фізічным асобам забаронена захоўваць больш за 15 літраў алкагольных напояў без дакументаў, якія пацвярджаюць іх легальнасць. Парушальнікаў чакае канфіскацыя залішняга алкаголю і штраф ад 1 да 10 мільёнаў рублёў.





Фота — ganc-chas.by