Аляксандра Мілінкевіча запрасілі на з’езд Партыі БНФ

"Тры хвіліны ў якасці госця — гэта прывітальны выступ — і тут няма ніякай інтрыгі, аніякай гульні”, кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства З’езд Партыі БНФ, які мае адбыцца 5 верасня, ужо зараз абрастае чуткамі ды інтрыгамі. Адной з іх з’яўляецца магчымы ўплыў на вынікі з’езду (а на ім, нагадаем, мусіць быць абранае новае партыйнае кіраўніцтва), а таксама на далейшую дзейнасць партыі з боку Руху “За свабоду”.

У доказ інтрыгі ставіцца меркаваны ўдзел Аляксандра Мілінкевіча ў агульным сходзе “фронтаўцаў”. Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні ўласна да кіраўніка “засвабодаўцаў”, а таксама да адказнага сакратара Управы Партыі БНФ Уладзіміра Лабковіча.

Лідэр Руху “За свабоду” свой удзел у будучым З’ездзе пацвярджае.

Аляксандр Мілінкевіч: “Так, маю запрашэнне. Мне сказаў Юрась Губарэвіч. Але рашэнне прымалася па-мойму, на Управе ў іх ці, я не ведаю, дзе. Ведаю, што прынятае рашэнне і што я ў ліку запрошаных”.

Уладзімір Лабковіч, які кіруе падрыхтоўкай будучага З’езду, паведаміў Еўрарадыё, што ў аўторак Управа адзінагалосна ўхваліла запрашэнне на з'езд цэлай групы дзеячоў, а сярод іх — Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і Станіслава Шушкевіча. Але важнасць удзелу аднаго з гасцей З’езду, на думку адказнага сакратара Партыі БНФ, перабольшаная.

Уладзімір Лабковіч: “Тры хвіліны ў якасці госця — гэта не ёсць удзел у з’ездзе Партыі БНФ. Гэта прывітальны выступ — і тут няма ніякай інтрыгі, аніякай гульні”.

Арганізатар з’езду Партыі БНФ бачыць у з’яўленні падобных чутак тэндэнцыю, адказнасць за якую нясуць і сённяшнія лідэры “фронтаўцаў”, якія, на думку Лабковіча, замест сапраўднай дзейнасці займаюцца высвятленнем адносінаў міжсобку.

Уладзімір Лабковіч: “На жаль, сённяшнія кіраўнікі пакуль што не дэманстравалі здольнасці дамаўляцца ўнутры партыі са сваімі партнёрамі. І, на жаль, мы маем такую сітуацыю, што вельмі часта нашымі асноўнымі палітычнымі апанентамі і ворагамі становяцца былыя сябры нашай партыі і сябры нашай партыі. Я адзінае, што жадаю кіраўніцтву — навучыцца дамаўляцца са сваімі адзінадумцамі, а не ствараць з іх самых страшных ворагаў, больш горшых, чым сённяшні рэжым нават”.

Лідэр Руху “За свабоду” з аптымізмам ставіцца да ідэі шчыльнага супрацоўніцтва з “фронтаўцамі”, незалежна ад таго, хто іх ачоліць 5 верасня. Падмуркам для рэальнага партнёрства Мілінкевіч называе супрацу паміж актывістамі розных дэмакратычных плыняў, якая існуе ў рэгіёнах.

Аляксандр Мілінкевіч: “Мы заўсёды былі адкрытыя да супрацоўніцтва і пастаянна супрацоўнічаем. І ў лакальных, рэгіянальных рэчах, якія робяцца грамадскімі актывістамі і партыйнымі актывістамі ў розных гарадах — заўсёды разам гэта робіцца. Я не думаю, што будуць перашкоды. І ўпэўнены, што наладзіцца супрацоўніцтва абавязкова — яшчэ лепшае, незалежна ад таго, хто будзе”.


Глядзі таксама па тэме: Партыя БНФ падтрымае на выбарах "аўтакрата"


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі