Аляксандр Тамковіч збірае грошы на выданне энцыклапедыі беларускага бамонду

Аляксандр Тамковіч збірае грошы на выданне энцыклапедыі беларускага бамонду

На краўфандынгавай платформе talaka.by працягваецца збор сродкаў на выданне кнігі пісьменніка і журналіста Аляксандра Тамковіча "Мазаіка жыцця" ― экцыклапедыі сучаснага беларускага бамонду.


Згодна з лічбамі на сайце, пакуль у кнізе не асабліва зацікаўлены патэнцыйныя чытачы (сабралі тысячу з шасці патрэбных за пяць дзён да заканчэння). Аднак, як вядома, talaka цяпер перажывае тэхнічныя пертурбацыі, таму і сам тэрмін збору будзе працягнуты, кажа аўтар, ды і лічбы, насамрэч, іншыя.


"Дакладна магу сказаць, што кніжка адбудзецца ў любым выпадку. Ёсць людзі, якія яе падтрымалі як на платформе, так і іншымі спосабамі. І яна ўжо адбылася, іншая справа, колькі выйдзе асобнікаў: сто пяцьдзесят ці тысяча. Усё будзе залежыць ад таго, з якімі паказчыкамі скончыцца кампанія", ― распавядае Аляксандр Тамковіч.


"Мазаіку жыцця" Тамковіч лічыць працягам сваёй папярэдняй кнігі "Найноўшай гісторыі ў асобах", але калі ў ёй акцэнт рабіўся на палітыках, праваабаронцах, гісторыках і грамадскіх дзеячах, тут гаворка ідзе пра людзей са свету культуры.


"Гэта біяграфічныя нарысы пра творчых людзей ― мастакоў, спевакоў, скульптараў, літаратараў, культуролагаў, нават пра журналіста Падбярэзкага, які ведае музыку лепш за некаторых экцыклапедыстаў", ― працягвае аўтар.


Увогуле, "Мазаік" будзе які мінімум дзве. У першую кнігу ўвойдуць нарысы пра 26 герояў з эксклюзіўнымі фактамі з іх жыцця і фота розных перыядаў. Да таго ж пісьменнік плануе аб'яднаць усе свае біяграфічныя працы ў адмысловай галерэі:


"На базе гэтых кніг, і тых 18-ці, якія былі раней, я планую зрабіць віртуальную галерэю, калі можна будзе зайсці на старонку і прачытаць нарыс пра чалавека. Бо трэба фіксаваць факты, а то потым не знойдзем канцоў. І я хачу зрабіць гэтую рэч перш за ўсё для журналістаў, каб не было факталагічных памылак у іх матэрыялах".


Нарысы пра персанажаў беларускага бамонду будуць пададзеныя ў алфавітным парадку. Першай будзе гісторыя пра нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Апроч яе, Тамковіч раскажа пра мастакоў Артура Клімава, музыкаў Ігара Варашкевіча, Алега Хаменку, Змітра Вайцюшкевіча, пісьменнікаў Андрэя Хадановіча і Віктара Марціновіча, дэпутатку Алену Анісім.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі