Аляксандр Лукашэнка праанансаваў перамогу Генадзя Давыдзькі на выбарах

Аляксандр Лукашэнка праанансаваў перамогу Генадзя Давыдзькі на выбарах

Такі чалавек, як Генадзь Давыдзька, патрэбны ў Палаце прадстаўнікоў новага склікання — будзе каму ўзначаліць камісію па правах чалавека і СМІ. Такую заявіў зрабіў Аляксандр Лукашэнка ў адказ на пытанне Еўрарадыё пра існаванне спісу будучых дэпутатаў. 

"Так, улада будзе падтрымліваць дэпутатаў. Прывяду адзін прыклад, проста на слыху гэты чалавек. Генадзь Давыдзька — ведаеце яго? Я асабіста яго падтрымліваю, — сказаў Лукашэнка. — Чаму? Чалавек прыйшоў нават з апазіцыі, але беларускамоўны, вельмі свядомы чалавек, таленавіты чалавек. 

Чаму мы яго падтрымліваем? Калі я задаю гэта пытанне ў Адміністрацыі прэзідэнта, бо яна мне будзе прапанову ўносіць, то яно ж як: прыйшлі дэпутаты ў парламент, а там жа ні кіраўніцтва, нікога не будзе — трэба ж арганізаваць іх працу. І мне давядзецца арганізоўваць. 14 камісій! І я думаю: "Вось калі б людзі Давыдзьку падтрымалі — ён бы мог узначаліць камісію па сродках масавай інфармацыі”. [Камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ — Еўрарадыё.] Што ў гэтым дрэннага?! Вы хочаце з ім на беларускай мове размаўляць — ён будзе па-беларуску з вамі размаўляць, вельмі цудоўна. Даша [журналістка тэлеканала "Мир" — Еўрарадыё] прыйдзе па-руску з ім пагаварыць — ён і па-руску пагаворыць. Што яшчэ патрэбна? 

Ён мяккі чалавек адносна, так? Гэта маё меркаванне зараз, чаму б яго не падтрымаць. Ну я ж не кажу некаму: "Вы ідзіце і рабіце ўсё, каб ён перамог". Я ведаю, што ён і так выйграе выбары! Чаму не падтрымаць такога чалавека? І людзей, якіх я б хацеў бачыць, улада падтрымлівае. Мы ж не бяром тых, каго, да прыкладу, вы не падтрымліваеце. Наадварот, калі мы падтрымліваем чалавека, так, каб апазіцыя не мела да яго вялікіх прэтэнзій, каб пальцам не паказалі".

Кіраўнік Беларусі дадаў, што ніякага загадзя складзенага і падпісанага Лукашэнкам спісу будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не існуе. 

Генадзь Давыдзька на сёння з'яўляецца кіраўніком праўладнага грамадскага аб'яднання "Белая Русь". На выбарах 2016 года ён трапіў у Савет Рэспублікі па "прэзідэнцкай квоце". Са снежня 2010 года Давыдзька ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію, якую зрабіў "ідэалагічнай зброяй" у змаганні з апанентамі беларускай улады. Яскравым прыкладам такога ідэалагічнага змагання стаў фільм "Белы легіён чорных душ", агучку да якога начытваў сам Генадзь Давыдзька.


З 1996 года ЕС, АБСЕ і ЗША не прызналі дэмакратычнай ні адной выбарчай кампаніі ў Беларусі. Апазіцыя ў сваю чаргу сцвярджае, што дэпутатаў не абіраюць выбаршчыкі, а прызначаюць улады, і што спіс будучых кандыдатаў складаецца загадзя.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі