Вы тут

Аляксандр Глеб працягнуў кантракт з БАТЭ

Прессбол

Аляксандр Глеб працягнуў кантракт з БАТЭ. Пра гэта ён распавёў sport24.ru. "У мяне былі прапановы, але я прыняў рашэнне перападпісаць кантракт з БАТЭ, — кажа самы вядомы беларускі футбаліст. — Таму працягну сваю кар'еру, па сутнасці, у родным клубе. У далейшым у мяне ёсць жаданне атрымаць трэнерскую ліцэнзію. Планую вучыцца на трэнера паралельна з кар'ерай футбаліста".

Такім чынам у лютым Глеб згуляе з лонданскім "Арсеналам" у Лізе Еўропы. "Калі атрымаецца выйсці на поле "Эмірэйц" супраць "Арсенала", то ў мяне будуць асаблівыя пачуцці, — расказвае футбаліст. — Усё ж такі "Арсенал" у мяне ў сэрцы. Чакаю сустрэчы з лонданскім "Арсеналам".

Нядаўна новы старшыня праўлення ФК БАТЭ Андрэй Капскі гаварыў, што клуб чакае рашэння Глеба і не хоча яго прыспешваць. У пятніцу з'явілася афіцыйная інфармацыя пра падпісанне кантракту.

Аляксандру Глебу 37 гадоў. Мінулы сезон ён правёў у БАТЭ, дапамог камандзе выйсці ў 1/16 фіналу футбольнай Лігі Еўропы. З лонданскім "Арсеналам" каманда Аляксея Багі згуляе 14 лютага на "Барысаў-Арэне", 21 лютага — у Лондане. За "Арсенал" Глеб выступаў у свае зорныя часы (у 2005-2008 гадах). 

Як вядома, у 2020 годзе беларуская зборная мае шанец праз Лігу нацый упершыню трапіць на чэмпіянат Еўропы. Магчыма, Глебу захочацца згуляць і там.