Аляксандр Ермаковіч увайшоў у трэнерскі штаб ЦСКА (фота)

Аляксандр Ермаковіч увайшоў у трэнерскі штаб ЦСКА (фота)

Беларускі футбольны спецыяліст Аляксандр Ермаковіч увайшоў у трэнерскі штаб маскоўскага ЦСКА. Пра гэта паведаміла прэс-служба клуба. Як вядома, галоўным трэнерам ЦСКА з’яўляецца яшчэ адзін беларускі футбольны спецыяліст Віктар Ганчарэнка. Да 2013 года Ганчарэнка быў галоўным трэнерам БАТЭ, а Ермаковіч — яго асістэнтам. Пасля таго, як Віктар Ганчарэнка з’ехаў на працу ў Расію, галоўным трэнерам барысаўчан стаў Аляксандр Ермаковіч і за пяць гадоў зрабіўся самым тытулаваным трэнерам Беларусі (абагнаў нават Ганчарэнку). Аднак на мінулым тыдні Ермаковіч пайшоў у адстаўку, галоўным трэнерам БАТЭ прызначаны Алег Дулуб.

“Атрымаўшы запрашэнне ад Віктара Міхайлавіча, я даў станоўчы адказ, — цытуе словы Ермаковіча прэс-служба ЦСКА. — Нешта ў жыцці заўсёды трэба мяняць. Я з цікавасцю прыняў запрашэнне і акунуўся ў атмасферу расійскага топ-клуба. Паспрабую быць максімальна карысным камандзе. Не буду адчуваць дыскамфорту ад таго, што, папрацаваўшы галоўным трэнерам, тут буду дапамагаць Віктару Міхайлавічу. Я ўжо з ім працаваў, добра ведаю яго самога і яго методыкі. Мы абмеркавалі ў агульных рысах, чым канкрэтна мне трэба будзе займацца. Наперадзе, зразумела, будзе і больш грунтоўная размова. Каманду ў бліжэйшыя месяцы чакае напружаны графік, але я да падобнага ўжо прызвычаіўся, бо БАТЭ пастаянна ўдзельнічаў у еўракубках”.

21 студзеня Аляксандру Ермаковічу споўніцца 43 гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі