Аляхно: Заўвагі Гюнэш у мой адрас - гэта смешна і бестактоўна

Еўрарадыё паразмаўляла з Русланам Аляхно, які збіраецца прадставіць нашую краіну на Еўрабачанні. Пакуль спявак не даў ніводнага інтэрв’ю беларускім журналістам. Еўрарадыё ён расказаў пра тое, як лепіць з сябе вобраз мачо, ці пакрыўдзіўся ён на рэзкія словы Гюнэш, і калі ён апошнім разам біўся за дзяўчынку -- Руслан, ты збіраўся нешта мяняць у песні для Еўрабачання…

-- Ужо зменена аранжыроўка і выкананне песні. Калі зараз паслухаеце новую версію Hasta La Vista, гэта будзе зусім іншая. Вось мы толькі сёння ноччу вярнуліся з Македоніі. Праз дзень з’язджаем на здымкі кліпа. Падрыхтоўка ідзе глабальна. Застаецца справа за нумарам. Імідж цалкам змяніў. У мяне зараз іншая прычоска, больш стылёвая.

-- І як твая дзяўчына ставіцца да новага іміджу?

-- Станоўча! Думаю, што ёй і той падабаўся (смяецца).

-- Калі чуеш назву песні Hasta la Vista, у мяне перад вачыма адразу Тэрмінатар. Можа, Руслан Аляхно таксама стаў такім мачо? Ці гэта магчыма наогул?

-- Так, менавіта такім мачо з “Тэрмінатара”, вы маеце рацыю. Можаце і Шварцнэгерам называць, як каму заўгодна, у каго як развітая фантазія. Мне, ведаеце, не крыўдна. Спецыяльна падкачваць цягліцы я не буду. У мяне існуе свой пэўны рэжым, тры разы на тыдзень -- фітнэс-клуб. Я проста падтрымліваю сваю фігуру. Не нарошчваю мышцы, а раблю так, каб гэта было прыгожа.

-- А што ў жыцці?

-- Не імкнуся ў жыцці паводзіць сябе як мачо. Застаюся такім, які я ёсць. Аднак на сцэне я павінен існаваць у пэўным вобразе.

-- А можа, у новым кліпе мы таксама зможам пабачыць урыўкі са знакамітага блокбастара?


-- Калі шчыра, я пакуль не чытаў сцэнар кліпа, але наўрад ці там будзе нешта з “Тэрмінатара”.

-- Кожны з беларускіх удзельнікаў Еўрабачання трапляў пад крытыку прэсы. Аднак на цябе вылілася яе надта шмат…. Ці цябе гэта не турбуе?

-- Калі шчыра, для мяне зараз не важна, што наогул гавораць на мой адрас. Мая задача – выступіць на “Еўрабачанні”. А крытыка – яна была да “Еўрабачання”, будзе падчас і пасля яго.

-- Аднак, пэўна ж, павінна існаваць нейкая крыўда?

-- Не. Калі крытыка зыходзіць ад прафесійных людзей, якія могуць даць параду, дапамагчы, то гэтая крытыка можа дапамагчы. Я прыслухаюся і папрацую над чымсьці. А крытыка, якая зыходзіць ад злосці, ад нянавісці, ад зайздрасці, – гэта я не лічу за крытыку. Дый наогул артыст не павінен выказвацца на адрас іншага артыста дрэннымі словамі. Гэта бескультур’е, бестактоўнасць і гэтак далей…

-- Я так разумею, што ты гэта пра выказванне Гюнэш? (Нагадаем, што спявачка на прэс-канферэнцыі пасля “Еўрафэсту” спытала ў Руслана, калі ж ён нарэшце пачне трапляць у ноты.)


-- Правільна разумееце. Я яе паважаю, яна вельмі добрая артыстка, вельмі добрая вакалістка, аднак з яе боку выказванні на мой адрас – гэта смешна.

-- Аднак была і крытыка з боку журы “Еўрафэсту”…

-- Ну была крытыка, кожны чалавек мае права на нейкае выказванне.

-- І былі заўвагі наконт англійскай. Нешта змянілася?

-- Вучу ўсё паступова. Канешне, у песні ўжо іншае вымаўленне, не такое, як у першым варыянце.

-- Ты быў госцем на адборачным туры Еўрабачання ў Літве. Там здарыўся непрыемны выпадак, калі літоўскае журы жорстка выказвалася ў бок адной з канкурсантак. А ты яе абараніў. Таму што пабачыў нейкае падабенства са сваёй сітуацыяй?

-- Не магу глядзець, калі крыўдзяць дзяўчыну. Не важна – сцэна гэта, ці жыццё. Калі дзяўчыне кажуць брыдкасці – не буду маўчаць. Тое, што адбылося ў фінале адборачнага тура ў Літве, было натуральна з майго боку.

-- А ў жыцці выпадала біцца за дзяўчыну?

-- Канешне.

-- А за якую дзяўчыну?

-- За любімую… на той момант.

-- А шмат было такіх выпадкаў, калі прыходзілася абараняць сваю дзяўчыну?

-- Скажу шчыра, што не.

-- Як сам ацэньваеш свае магчымасці на “Еўрабачанні 2008”?

-- На гэты момант нумару няма. То бок, канешне ж, на конкурсе не будзе таго нумару, які быў у фінале адборачнага тура. Я, увогуле, настроены на перамогу. Хай гэта і падасца вам нясціплым. Ехаць на конкурс і думаць: вось, калі вы там кудысьці не пройдзеце… Слухайце, а навошта тады наогул куды-небудзь ехаць?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі