Альтэрнатыўныя кандыдаты адмовіліся здымацца з выбараў

Агульная сустрэча кандыдатаў увогуле распачалася са скандалу.
Зняцця ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў, хутчэй за ўсё, не будзе. Прапанову, якую агучыў кандыдат Уладзімір Някляеў, адны гатовыя падтрымаць толькі пры ўмове, што здымуцца ўсе, а іншыя выходзіць з гонкі ўвогуле не бачаць сэнсу.
Рыгор Кастусёў выказаў меркаванне, што гэтая прапанова можа быць непраўдзівай, але ён у сваю чаргу будзе гатовы яе падтрымаць і весці перамовы аб агульным зняцці.
"Калі нехта здымецца адзін, а нехта не здымецца, то гэтае пытанне не варта нават разглядаць. Я прыхільнік разгляду такога пытання і гатовы ўдзельнічаць у перамовах па супольным зняцці".
Галоўнае, на думку Кастусёва, — каб здымаліся ўсе разам: тады ў гэтым будзе сэнс.
Рыгор Кастусёў"Калі усе напішуць заявы, мы ўсе заявы збіраем у кучу, здаем іх аднаму чалавеку, які нясе іх у Цэнтральную выбарчую камісію, — тады гэта сапраўды спрацуе".
Яраслаў Раманчук лічыць немагчымым такі варыянт, таму што ўсе разам не здымуцца:
"Гэта мае сэнс толькі тады, калі ўсе здымаюцца, а паколькі гэта нерэальна, то такі сцэнар мы не прадугледжвалі".
Дзмітрый Ус здымаць сваю кандыдатуру не будзе, бо не бачыць у гэтым ніякага сэнсу.
"Калі ўжо намаляваныя пратаколы, які сэнс здымацца? Трэба, наадварот, даносіць сваю пазіцыю да народа, да канца, да ўпора. Калі будуць дэмакратычныя выбары, тады мы разбярэмся, каму быць прэзідэнтам".
Падтрымлівае яго і Мікалай Статкевіч, які лічыць немэтазгодным здымацца ўсім дэмакратычным кандыдатам. На яго думку, гэта не будзе падставай для непрызнання выбараў і змяншае матывацыю да Плошчы.
"Такой падставай з'яўляецца толькі даказаная фальсіфікацыя, якая можа быць даказаная, калі ёсць альтэрнатыўныя кандыдаты, супраць якіх і на карысць аднаго фальсіфікуюць. Акрамя таго, гэта непавага да людзей, якім мы не пакідаем нават маральнай магчымасці прагаласаваць за некага і супраць некага. Акрамя таго, гэта зніжае матывацыю да плошчы, таму я супраць".
Не будзе здымацца і Андрэй Саннікаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў яго прэс-сакратарАляксандр Атрошчанкаў.
"Здымацца Андрэй Саннікаў не будзе. Гэта нерэальна — каб зняліся ўсе кандыдаты, гэта ўсім зразумела. Мы будзем працаваць на тое, каб людзі выйшлі на плошчу, каб сітуацыя ў краіне змянілася і каб абараніць права выбару грамадзянаў".
Не мае пакуль сваёй пазіцыі на гэты конт Алесь Міхалевіч, які даведаўся пра заклік Някляева ад журналістаў і нават не паспеў яго абдумаць.
Сёння ж адбылася сустрэча, на якой прысутнічалі Віктар Цярэшчанка, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Ус, а таксама прадстаўнікі астатніх удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі.
Сустрэча распачалася са скандалу. Мікалай Статкевіч адмовіўся ў ёй удзельнічаць, бо пабачыў журналістаў і вырашыў, што праводзіць перамовы пад камерамі нельга. Цярэшчанка і Ус яшчэ не прыехалі, а прапанову Някляева ніхто з прысутных не падтрымаў, і найперш — галоўны саюзнік Някляева Андрэй Саннікаў. А вырашыць пытанне адзін Уладзімір Няклеў не змог.
"Не падтрымалі, таму што вырашылі, што гэта не самы эфектыўны шлях для дасягнення мэты. Хоць я думаю інакш, калі мы ставім на мэце непрызнанне гэтых выбараў як несвабодных, то няўдзел у іх быў бы вельмі эфектыўным сродкам. Гэта б не давала магчымасці прызнаць выбары нікому", — адзначыў Някляеў.
У выніку толькі пад канец сустрэчы прысутныя змаглі дамовіцца аб агульнай акцыі 19 снежня і падпісаць заяву аб незаконнасці ўдзелу ў выбарах Аляксандра Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі