Алеся не звяртаецца да гадалак Таро, якіх рэкламуе

Еўрарадыё даведалася, ці карыстаюцца беларускія зоркі тымі таварамі, якія рэкламуюць. Спявачка Алеся, якая апошнім часам рэкламуе Таро Цэнтр Тэлеком, кажа, што шмат хто са знакамітасцяў займаецца рэкламай і яна не бачыць тут нічога дрэннага.

Алеся: “Калі нейкая кампанія выбірае мяне ў якасці брэнду, то я лічу гэта індыкатарам папулярнасці”.

У Таро Цэнтр Тэлеком, які рэкламуе, Алеся не звяртаецца.

Алеся: “Што тычыцца Таро цэнтра, то спачатку мне было цікава, я тэлефанавала. А ўвогуле са мной не было такога, каб я сама не магла прыняць нейкае там рашэнне ці знайсці выхад са складанай сітуацыі. Не было. Можа, яшчэ будзе?”

Акцёр Яўген Крыжаноўскі шмат каму вядомы па рэкламных кампаніях аўтамабіля “Фольксваген”, прадуктаў Слонімскага мясакамбіната і абутку “Сівельга”, прызнаецца, што шмат хто з беларускіх знакамітасцяў зусім не багатыя людзі і за 50-300 долараў яны прададуць чорту душу, а не толькі рэкламе. Таму артысты самі не супраць папрацаваць на рэкламадаўцу.

Яўген Крыжаноўскі: “Нас пакажуць, пачнуць пазнаваць, стануць запрашаць. Ну і вядома, што рэкламе зараз ніхто не верыць нават у самым маленькім калгасе Беларусі. Таму, калі Яўген Крыжаноўскі рэкламуе нейкую булку ці шакаладку і кажа, што гэта самае смачнае, то ніхто ўжо яму не верыць!”

На пытанне, ці карыстаецца сам акцёр таварамі, якія рэкламуе, Крыжаноўскі распавёў пра тое, як не так даўно ён рэкламаваў аўтамабіль за 80.000 долараў. Па прызнаннях акцёра, яму б хапіла б грошай толькі на люстэрка ад гэтага аўто. А за апошнюю рэкламу ён атрымаў 200 тысяч беларускіх рублёў

Яўген Крыжаноўскі:
“Ну абутак, што я рэкламую, я нашу. Каўбасу слонімскую я ем. Таму вялікага падману тут няма. Вось наш артыст (Аляксандр Вергуноў, які чытае прагноз надвор’я на АНТ) рызыкуе больш за ўсіх. Калі ён з Інтэрнэту бярэ прагноз на тыдзень, агучвае, а надвор’е мяняецца. Яму ледзь пысу не б’юць на вуліцу: маўляў, што ж вы набрахалі? Мы вас паслухалі, выйшлі без парасонаў, а нас дождж заліў!”

Народны артыст Беларусі, дырыжор Міхаіл Фінберг расказаў, што ніколі не здымаўся ў рэкламе і наогул не цікавіцца шоў-бізнэсам. Што тычыцца рэкламнага роліка пра вокны, то Фінберг распавёў наступнае:

Міхаіл Фінберг: “Ох, гэта проста вытворцы вокнаў гэтых рамантавалі для аркестра вокны і знялі мяне. Я думаў, што гэта на адзін раз, а яны сталі мяне пастаянна выкарыстоўваць. Пазней я скандаліў з імі і сам дабіўся таго, каб рэкламу знялі з эфіру”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі