Вы тут

Алеся Бяляцкага дапытвалі ў Следчым камітэце чатыры гадзіны

Алесь Бяляцкі / t.me/viasna96

9 красавіка Алеся Бяляцкага дапыталі ў Слечым камітэце як седку па крымінальнай справе, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". 

Як распавядала Еўрарадыё, праваабаронцу выклікалі на допыт 7 красавіка, але ён запатрабаваў, каб допыт і пратакол вяліся па-беларуску. Таму допыт у той дзень так і не адбыўся.

Сённяшні допыт працягваўся болей за чатыры гадзіны. Усе дакументы — пратакол, правы сведкі, пытаннні падчас допыту і нават падпіска аб неразгалошванні былі пададзеныя па-беларуску.

Дапытвалі Бяляцкага па "справе Вясны" — на праваабаронцаў пачалі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па гэтай справе сілавікі правялі ператрусы ў розных гарадах краіны, а некалькі чалавек узятыя пад варту. 

Бяляцкі падкрэсліў, што ўся справа мае яўны палітычны падтэкст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.