Алесін: Лукашэнка зразумеў іміджавыя страты ад расійскай базы

"Мне, як галоўнакамандуючаму, сёння не хапае два дзясяткі сучасных самалётаў. База гэта будзе ці мы ў існуючай частцы паставім расійскія самалёты-знішчальнікі. Гэтае пытанне абмяркоўваецца", — заявіў кіраўнік краіны.

"Тое што гэта было пастаўлена пад пытанне альбо-альбо, думаю гэта прапагандысцкі крок, — лічыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін. — Ён накіраваны, каб змікшаваць негатыўныя наступствы заявы".

Заяву, што ў Беларусі з'явіцца расійская авіябаза, зрабіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. На думку Алесіна, гэта была заява палітыка, а не вайскоўца. Бо сярод вайскоўцаў не прынята агалошваць, тое, што яшчэ не адбылося.

Алесін: "Тое, што пакуль не вырашана і не адбылося, услых не гаворыцца. Шайгу агучыў тэкст перамоваў, якія вяліся. Відавочна, што праблема абмяркоўваецца і, напэўна, папярэдняе рашэнне прынятае. Але агучванне з'яўлення базы нясе іміджавыя страты".

Верагодна, Лукашэнка і яго атачэнне ўсвядомілі іміджавыя страты такой заявы. Таму і была зроблена заява, што самалёты могуць набыць, а пытанне базы абмяркоўваецца.

Алесін: "Ад пачатку яны гэтага не зразумелі. А цяпер пасля аналізу вырашылі, што гэта можа быць козырам для апазіцыі і мінусам у перамовах на міжнароднай арэне, у перамовах з Захадам будзе не вельмі добра. Таму ён і паставіў гэта ў пытанне нявызначанасці. Спробы апазіцыі пакуль выглядаюць дастаткова бездапаможнымі, але гэта даказвае слабасць апазіцыйных экспертаў, якія не могуць выкарыстаць такую заяву, як нагоду для прапагандысцкай кампаніі. Але Лукашэнка спахапіўся першым".

На думку Алесіна пытанне з недахопам самалётаў можна вырашыць двума спосабамі:

"Мы іх набываем на тых ці іншых умовах. Альбо яны перавозяць сюды свой авіяполк. А грошай няма і не прадбачыцца. Могуць даць у арэнду, але гэта слабарэалізуемы варыянт".

Калі ж база паўстане, то хутчэй за ўсё яна стане тэрыторыяй, з расійскімі законамі і вайсковымі статутамі. Таму суверэнітэт Беларусі там дзейнічаць не будзе. Наўрад ці гэтым будзе задаволена большасць насельніцтва краіны, дадае эксперт.

Лукашэнка: Якая расійская база? Мне трэба пару дзясяткаў самалётаў (відэа)

Эксперт: Размяшчаючы самалёты ў Беларусі, Расія адводзіць пагрозу ад Масквы

Нямцоў: Расійскімі базамі Лукашэнка будзе шантажаваць Пуціна

Расійскую вайсковую авіябазу размесцяць каля Баранавічаў?

Эксперт: У Беларусі могуць размясціць расійскія СУ-30, альбо Су-27СМ

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі