Эксперт: Размяшчаючы самалёты ў Беларусі, Расія адводзіць пагрозу ад Масквы

Магчымае з’яўленне ў нашай краіне палка расійскіх знішчальнікаў для Еўрарадыё каментуе эксперт па ўзбраеннях Аляксандр Алесін.

Еўрарадыё: Чым, на вашу думку, выкліканае з’яўленне планаў размяшчэння ў Беларусі расійскіх знішчальнікаў?

Аляксандр Алесін: Нейкі час таму, некалькі месяцаў, з баявога дзяжурства знялі знішчальнікі СУ-27. Яшчэ раней былі знятыя з баявога дзяжурства франтавыя бамбардзіроўшчыкі СУ-24. Агулам, гэта прыкладна 50-60 баявых машын. У выніку — вось настолькі аслабла моц беларускіх ВПС. Кошт знішчальнікаў вельмі высокі. Для СУ-27 гэта 35-50 мільёнаў долараў у залежнасці ад мадыфікацыі. Каб абнавіць авіяпарк Беларусі, неабходна некалькі мільярдаў долараў. Зразумела, што наша краіна не можа сабе гэтага дазволіць. Расія таксама не гатовая падарыць столькі самалётаў Беларусі.

Таму з’яўленне расійскай авіябазы ў Беларусі было прадказальным. Сярод незалежных экспертаў такая інфармацыя цыркулявала. Афіцыйны бок да сённяшняга дня адмоўчваўся.

Еўрарадыё: Што гэта можа значыць для Беларусі?

Аляксандр Алесін: Гэта азначае частковую страту суверэнітэту для Беларусі. Зразумела, што Аляксандр Лукашэнка бязвыплатна пагадзіцца на такое не можа. Расія ў адказ дасць альбо крэдыты, альбо нейкія іншыя льготы і прэферэнцыі. Гэта традыцыйная мадэль беларуска-расійскіх адносінаў. Ваенна-стратэгічныя прэферэнцыі ўзамен на эканамічныя.

Еўрарадыё: Навошта Расіі размяшчаць авіяполк у Беларусі, а не ў Смаленскай, альбо Бранскай абласцях? Розніца ў адлегласці для знішчальніка нязнаная.

Аляксандр Алесін: Справа ў хуткасці рэагавання. Ад Польшчы да Масквы адлегласць невялікая. І чым раней самалёт вылеціць на перахват бамбардзіроўшчыка альбо ракеты, тым раней ён гэта зробіць. Вылятаючы з Беларусі можна перахапіць варожую цэль і на тэрыторыі Польшчы. Ракеты большай дальнасці дазваляюць гэта рабіць. Размяшчаючы авіябазу ў Беларусі, расійскія лётчыкі выйграюць 10-15 хвілін. Гэта даволі шмат. Таму беларуская супрацьпаветраная абарона і ўмацоўваецца расійскім бокам. Каб як мага менш цэляў праскочыла да Масквы. Вядома, на тэрыторыі Расіі перад Масквой таксама будуць авіябазы. Але калі будзе некалькі рубяжоў абароны, то гэта надзейней. Вайскоўцы стараюцца заўсёды сустрэць праціўніка як мага далей ад сваёй тэрыторыі.

Еўрарадыё: То бок Беларусь становіцца буфернай зонай?

Аляксандр Алесін: Так. І гэтак было заўсёды. Гэта традыцыйная палітыка і расійскіх імператараў і генеральных сакратароў. Масква вельмі няўдала размешчаная з пункту гледжання стратэгіі. Яна вельмі блізка ад заходняй мяжы. Таму Расія заўсёды імкнулася адсунуць мяжу як мага далей.

Еўрарадыё: Якія мадэлі самалётаў, на вашу думку, будуць знаходзіцца на расійскай авіябазе?

Аляксандр Алесін: Думаю, СУ-30, альбо СУ-27СМ. Яны універсальныя. Пры неабходнасці могуць несці і ракеты класа паветра-зямля, і бомбы. І іншыя віды звышдакладнай зброі. Гэтыя самалёты і знішчальнікі таксама могуць збіваць паветраныя цэлі. Думаю, што гэта будуць, хутчэй за ўсё, СУ-30. Яны двухмесныя, акрамя пілота, там яшчэ і аператар зброі.

Еўрарадыё: А дзе такая авіябаза можа размясціцца? Верагодна,будзе выкарыстаная гатовая пляцоўка.

Аляксандр Алесін: Такіх месцаў дастаткова. І ў Бярозе, і ў Баранавічах, і ў Бабруйску, і ў Росі. У Беларусі цяпер вельмі шмат свабодных авіябаз. Колькасць самалётаў змяншаецца, авіябазы пустыя. Ды нават пад Мінскам ёсць месца. У Мачулішчах.

Еўрарадыё: А як, на вашу думку, паўплывае размяшчэнне расійскіх знішчальнікаў у Беларусі на развіццё беларускай вайсковай авіяцыі?

Аляксандр Алесін: Яны сыдуць на другі план. Самалёты, якія стаяць на ўзбраенні ў Беларусі — гэта самалёты 70-80 гадоў. А расійская вайсковая авіяцыя пастаянна абнаўляецца, мадэрнізуецца. Яна тут будзе на галоўнай ролі. Беларуская авіяцыя будзе выкарыстоўвацца для падтрымкі наземных сіл. Хутчэй за ўсё, адбудзецца такая спецыялізацыя. Авіяцыя — гэта вельмі дорага. А Беларусі няма дзе ўзяць такія сродкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі