Алексіевіч, Севярынец і Лябедзька выступілі ў Сейме Літвы супраць БелАЭС

Астравецкая АЭС / Reuters
Астравецкая АЭС / Reuters

15 лютага ў парламенце Літвы прайшоў першы з'езд Руху супраць Астравецкай АЭС. Сярод спікераў — нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і беларускія апазіцыйныя палітыкі: Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька і Дзмітрый Кучук.

Таксама выступілі старшыня Сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс, былы кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін, кіраўнік аднаўленчага Сейма Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, паведамляе "Новая газета — Балтыя".

Нобелеўскі лаўрэат, пісьменніца Святлана Алексіевіч выступіла падчас паседжання па тэлефоне. Яна заявіла, што Беларусь вынесла нуль урокаў пасля Чарнобыльскай аварыі, але ёсць надзея на новае пакаленне:

"Цяпер ужо ясна, што расце пакаленне Грэты, якое задае пытанне: якую планету вы нам пакінеце? Яны напэўна зробяць больш, чым мы".

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі заявілі, што БелАЭС — гэта расійскі інструмент уплыву, а крэдыт за станцыю будуць выплочваць усе беларусы:

"Калі вы паедзеце да АЭС, вы ўбачыце ўказальнік — " Беларуская АЭС". Больш правільна было б паставіць іншы ўказальнік — "пуцінска-лукашэнкаўская АЭС", таму што з пункту гледжання перспектывы будучыні — там няма нічога беларускага. Ад беларускага там толькі грошы падаткаплацельшчыкаў — 10 мільярдаў крэдыту, які будуць аддаваць нашы грамадзяне ", — сказаў Анатоль Лябедзька.

Павел Севярынец заявіў, што электрастанцыя — стратэгічны праект Пуціна: "Астравецкая АЭС - гэта расійская ядзерная бомба, якую падклалі пад самыя мяжы Еўрасаюза - у 45 км ад Вільні".

Дэлегаты з'езда аднагалосна зацвердзілі тэкст ліста для Аляксандра Лукашэнкі. У ім прапаноўваецца пачаць перамовы ў фарматах "Беларусь-Літва" і "Беларусь-ЕС" і не запускаць АЭС:

"Мы прапануем вам не садзейнічаць запуску першага блока гэтай атамнай станцыі, ігнаруючы міжнародныя патрабаванні бяспекі і наша добрасуседства".

Акрамя ліста Лукашэнкі, на з'ездзе быў зацверджаны і тэкст петыцыі, адрасаванай Еўрапарламенту. Рух супраць Астравецкай АЭС вылучае пяць асноўных патрабаванняў:

Па-першае прызнаць, што на БелАЭС падчас будаўніцтва першага рэактара былі дапушчаныя сур'ёзныя парушэнні. У тым ліку блізкае размяшчэнне АЭС ад Вільні. Па-другое не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю АЭС. Па-трэцяе прызнаць, што Астравецкая АЭС пагражае нацыянальнай бяспекі Літвы і прыняць законы, якія забараняюць імпарт электраэнергіі з гэтай станцыі. Па-чацвёртае разгледзець пытанне аб санкцыях супраць Расатама і іншых кампаній, якія адказваюць за будаўніцтва Астравецкай АЭС. Па-пятае паскорыць працэс сінхранізацыі электрасетак краін Балтыі з кантынентальнай Еўропай, каб знізіць залежнасць ад расійскіх крыніц энергіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі