Алексіевіч: Камунізм пераможаны, рыхтуйцеся да еўрапейскай будучыні

Кнігі Святланы Алексіевіч не выходзілі ў Беларусі 20 гадоў – доўгую “серыю” перарваў выдавец Ігар Логвінаў, які выпусціў беларускі пераклад апошняй кнігі пісьменніцы – “Час сэканд хэнд”. На сустрэчу з чытачамі ў Мінску, арганізаваную выдавецтвам “Белкніга” падчас кніжнай выставы, Алексіевіч прыйшла разам са сваім расійскім выдаўцом. Паглядзець і паслухаць жанчыну ў вязаным пярэстым шаліку прыйшло каля сотні мінчан. Маленькі катушок усіх не змясціў – людзі стаялі ў доўгай чарзе. Алексіевіч размаўляла з чытачамі пад гучную народную музыку, якая даносілася са стэндаў афіцыйных выдавецтваў.

Еўрарадыё сабрала самыя цікавыя цытаты Святланы Алексіевіч з выступу на выставе.

Гэтыя пяць кніг я пісала прыкладна 35 гадоў. І можна сказаць, што гэта адна кніга, што гэта адна душа. Гэта кніга пра тое, як мы жылі і як гэтае жыццё скончылася. Як мы трапілі ў разгубленасць… У Беларусі час увогуле спыніўся. Тут вельмі шмат расійскага матэрыялу, пераважна ён. Таму што там вось гэты крах ідэі, капіталізм, нечаканы для большасці людзей, там гэта ўсё больш відавочна адбіваецца на лёсах. У нас яно крыху больш прыхавана. У нас крышачку капіталізму, крышачку сацыялізму, крышачку імператарства. Усё гэта ў кучы і ва ўсім складана разабрацца.

Сёння людзі ратуюцца там, што закрыліся ў сваім доме, у сваім коле людзей. Маладыя гэты вакуум спрабуюць запоўніць тым, што стараюцца ездзіць, бачыць свет. Кожны знаходзіць свой шлях да выжывання. Хутчэй за ўсё, гэта такі прамежкавы час. Яго трэба пражыць. Я б хацела сказаць, асабліва тым, хто старэйшы – не трэба быць у адчаі. Усё ж галоўнае мы зрабілі – камунізм пераможаны. А маладым я хачу сказаць, рыхтуйцеся да будучыні. Яна абавязкова будзе, нармальная еўрапейская будучыня. Магчыма, маё пакаленне да яго не дажыве. А вы дажывяце. Рыхтуйце сябе. Капіталізм вельмі жорсткі. Вось я дзесяць гадоў пражыла пры капіталізме і хачу вам сказаць, што нашы ўяўленні аб ім вельмі рамантычныя.

У 1990-я гады нам падавалася, што мы развіталіся з камунізмам. А цяпер так не падаецца. Я шмат езджу па Расіі і апошнім часам сустракаю шмат маладых людзей, якія сумуюць па камунізме. Гэтага няма ў Маскве і Пецярбургу. Але там, у глыбіні Расіі, гэтага шмат. Гэта здзіўляе.

Для мяне вельмі важна, што мае кнігі запатрабаваныя не толькі ў нас, але і ў Еўропе. Там хочуць зразумець, чаму ж у нас нічога не атрымліваецца? Чаму раней мы былі так рамантычна настроеныя і нам падавалася, што вось яно – новае жыццё, што зараз мы сядзем у трамвай і паедзем да яе. А ўсё выйшла зусім не так, жыццё аказалася зусім іншым.

Я дрэнна ўяўляю, што буду працягваць гісторыю, апісаную ў гэтых кнігах. Чырвоны чалавек, якім мы яго бачылі, ён знік. Цяпер з’яўляецца іншы чалавек. І нават калі ў ім ёсць нейкі сум па мінулым, я не думаю, што ўсе хацелі б жыць пры камунізме. Мы хацелі б нейкага справядлівага жыцця, справядлівага сацыялізму. Напэўна, неяк так гэта мы сабе ўяўлялі ў 1990-я гады.

Для мяне раніца пачынаецца з таго, што я ўключаю камп’ютар і гляджу – што там ва Украіне. З радасцю і страхам. І шчыра вам скажу, што страха больш. Таму што пайсці на Майдан лягчэй, чым сысці з Майдана. Мы назіраем, як у Кіеве пачыналася ўсё – так рамантычна, так прыгожа выйшла апазіцыя. Але ў той жа час чуюцца іншыя галасы, радыкальныя. І ўзгадваеш 1917 год. Тады таксама ніхто сур’ёзна не ставіўся да бальшавікоў. А яны раптам выйшлі, пакуль кадэты з эсэрамі спрачаліся, на авансцэну гісторыі.

Кожны з нас адказвае за свой лёс. Напэўна, гэта і ёсць свабода. А не такая, калі ёсць харошы цар і ён нам усё дасць – справядлівае жыццё. Не. Свабода — гэта калі кожны працуе на новае жыццё. Вось пра гэта мае кнігі.

Мае “Цынкавыя хлопчыкі” спакусіліся на галоўны міф савецкай дзяржавы – на міф пра чалавека з ружжом. Мы альбо рыхтаваліся да вайны, альбо ваявалі. І гэтыя войны заўсёды называліся справядлівымі. Часта яны такімі і былі, хоць сёння з пазіцыі новага часу шмат якія рэчы пераглядаюцца… Адна маці мне гаварыла – я з табой падзялілася таму, што хачу каб ты зразумела, што я перажыла. Мы пазнаёміліся, калі яе сын, вялізны двухметровы хлопец, ляжаў у маленечкім пакойчыку. Я не магла зразумець, як яго туды зацягнулі. І яна мне гаварыла – раскажы ўсім, раскажы што ён просты сталяр, што ён генералам лецішчы будаваў. Яго нават не навучылі ні гранату кідаць, ні страляць. А адразу кінулі на вайну, дзе яго забілі праз месяц. Я напісала пра гэта. Потым у судзе пытаю ў гэтай жанчыны, што вы тут робіце? Вы ж самі мяне прасілі напісаць? У адказ чую: “Мне патрэбны сын-герой”.

Гэта неверагодна, але ніколі не ведаеш, якая кніга якім чынам адзавецца. У якую кропку трапіць. У якой краіне. Здавалася б, у Германіі павінны былі б больш чытаць кнігі пра Другую сусветную вайну. Але не. Кніга “У вайны не жаночы твар” найбольш папулярная ў Швецыі і Францыі. У Польшчы гэтая кніга вельмі папулярная. Ніколі не ўгадаеш. Нечакана заўсёды.

Калі я гавару “краіна”, я магу сказаць аб усёй постсавецкай прасторы. Бо гэта была нейкая агульная краіна і недзе гэта агульная падсвядомасць захавалася. Магчыма, толькі Азія і Прыбалтыка сышлі ў нейкае іншае жыццё. Калі ездзіш, то бачыш вельмі шмат агульнага.

Нядаўна ў мяне была сустрэча з нямецкім прэзідэнтам. Ён сам напісаў ліст. Сказаў, што яму было б цікава са мной сустрэцца… І вось ён увесь час у мяне пытаў – скажыце, чаму беларусы не украінцы? А я не магу адказаць на гэта пытанне. Для гэтага трэба расказаць усю гісторыю. Вельмі шмат розных рэчаў. Ведаеце, гэта цяжка зразумець. І я думаю, што чытаючы кнігу “Час сэканд-хэнд” можна вызваліцца ад чорна-белага свету. Мы бачым, што сацыялізм – больш складаная з’ява.

Чаму я з’ехала за мяжу… Канешне, гэта быў пратэст супраць таго, што ў нас адбываецца. І мы з Быкавым з’ехалі. Але была і іншая прычына. Як мастак, я бачыла, што я як усе – на барыкадзе. І я не гляджу ўжо як мастак. Я не бачу каляровага рознага чалавека. Я ўжо бачу толькі мішэнь, а для мастака гэта абсалютна недапушчальна. І я хацела вярнуць нармальнае бачанне. Бачыць, як жыве іншы свет, як нармальна глядзець на рэчы. Усяго чалавека бачыць. І гэты еўрапейскі вопыт быў для мяне вельмі важным.

Я хачу сказаць, што выдавецтва “Логвінаў” і Барыс Пятровіч, Саюз пісьменнікаў – яны малайцы. Вось прыклад таго, што ўсё залежыць ад чалавека. Яны ж таксама маглі сказаць – лепш не звязвацца з гэтай Алексіевіч, лепш не мець непрыемнасцяў. Але не – яны бяруць і выдаюць кнігу. І вельмі добра яе выдаюць. Там невялікі наклад, у “Логвінава” як вы ведаеце непрыемнасці, кнігі трэба аднекуль прывозіць і праца сур’ёзная, сакрэтная. Але я гэта да чаго – можна проста сядзець і нічога не рабіць, чакаць, што нехта за цябе зробіць рэвалюцыю. А можна самому зрабіць кавалачак пераменаў. Вось хлопцы ўзялі і гэта зрабілі… Усё залежыць ад кожнага з нас.

Было шмат спрэчак. Маўляў, Алексіевіч супраць беларускай мовы. Не. Я не супраць беларускай мовы. Я проста сказала, што 200 гадоў ёй не давалі развівацца. І гэта сёння адбіваецца. 200 гадоў нам не давалі развівацца як нармальнай нацыі. Але я не думаю, што беларусы – паміраючая нацыя. Ні ў якім разе. Мы маем шмат прыкладаў, калі падавалася, што ніякіх шансаў няма, а мова, нацыя ў выніку адраджалася. Паглядзіце на яўрэяў… Гэта залежыць ад нас – калі мы будзем любіць мову, абараняць яе – яна не знікне. Я бачыла шмат маладых беларускіх сямей, якія з’язджаюць за мяжу, і там раптам разумеюць, якой яны нацыі.

Долар аказаўся нашмат больш спакуслівым, чым камунізм. Зайдзіце ў будаўнічую каму і паглядзіце, колькі там людзей. Тысячы. А колькі на сустрэчах з пісьменнікамі, вядомымі людзьмі з Беларусі? Нашмат менш. Людзі хочуць жыць, я не абвінавачваю іх. Але мы жывём у прамежкавы час, мы атрымалі магчымасць нешта мець. І вырашылі, што гэта і ёсць свабода. А на самой справе…

Заходнія людзі мне гавораць – у вашай краіне абсалютна не важна, што адбываецца насамрэч – ніхто не выходзіць на плошчу, абсалютна не важна, тое, што важна для нас. А важна, што ў крамах усё ёсць і трэба толькі грошы зарабіць… Свабода, дэмакратыя – да гэтага Еўропа ішла сотні гадоў. У нас людзі пакуль не гатовыя да гэтага.

Я не бачу больш працягу для свайго цыкла. Я ўжо гаварыла, што наступную кнігу хачу напісаць пра каханне. І кнігу пра старасць, пра смерць… У нас раней галоўным быў чалавек-змагар. Быць шчаслівым было не так важна. А зараз шчасце становіцца мэтай… Мне ўжо аб гэтым хацелася б пісаць.

Алесь Адамовіч мне некалі гаварыў – вось прыйдзе новае пакаленне і праз 20 гадоў будзе іншая краіна. Ведаеце… Прайшло 20 гадоў, але я не магу сказаць, што гэта цалкам іншыя людзі. Яны дастаткова матэрыяльныя, дастаткова прыстасоўваюцца. Ёсць вядома і такія, аб якіх мы марылі. Раз на пяць гадоў яны выходзяць на Плошчу, а потым з’язджаюць з краіны па ўсім свеце. І мы ізноў застаёмся ні з чым… Таму я б не перабольшвала значэнне біялагічнага фактара. Мы на яго спадзяваліся, але ён не пацвердзіўся. У Расіі маладыя “нашысты”, у нас “лукашысты”. Але разам з тым я веру ўсё ж у “эфект травы”. Час любога таталітарызму заканчваецца. Шкада толькі, што жыццё вельмі кароткае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі