Алег Трусаў: З Сапегам было проста, а вось за Брыля давялося збіраць подпісы

У Мінску з’явіліся вуліцы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Такое рашэнне, на прапанову Таварыства беларускай мовы і шэрагу дзеячоў культуры, прыняў Мінскі гарсавет. Пра тэхналогію “прабіцця” такіх важных рашэнняў “Еўрарадыё” распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў:

“Мы гэтым займаемся ўжо гадоў восем. Збіраем подпісы. І як правіла ўлады задавальняюць нашыя прапановы. Вось напрыклад па Брылю мы сабралі па Беларусі больш за 10 тысяч подпісаў. І дзякуючы гэтаму вуліца Янкі Брыля і з’явілася”.

Таксама была перайменаваная вуліца, якая насіла імя бальшавіка Берсана. Зараз яна называецца ў гонар Эдварда Вайніловіча, вядомага беларускага мецэната, які ў пачатку ХХ стагоддзя падтрымліваў нацыянальны рух, пабудаваў Чырвоны касцёл у Мінску.

Тут ініцыятарам была каталіцкая грамада, яе падтрымала Таварыства беларускай мовы.

Паводле словаў Трусава, наступнай вуліцай, якая атрымае імя беларускага дзеяча, будзе вуліца вядомага мовазнаўцы Сцяпана Некрашэвіча, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсій. На наступны год якраз прыпадаюць 125-я ўгодкі з дня яго нараджэння.

“Папярэдняя згода ўжо ёсць”, кажа Алег Трусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі