Алег Трусаў: Напярэдадні выбараў “Гавары праўду” рыхтуе захоп БСДП

Алег Трусаў: Напярэдадні выбараў “Гавары праўду” рыхтуе захоп БСДП

На сходзе дэлегаты павінны абраць кіраўніцтва партыі.

Напярэдадні сходу стала вядома, што па прапанове ЦК партыі на пасаду старшыні партыі зноў будзе вылучана Ірына Вештард. Адначасова, аб сваіх прэтэнзіях на кіруючыя пасады заявіла група сяброў партыі — актывістаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, якія стварылі ў кастрычніку мінулага году „ценявы аргкамітэт па падрыхтоўцы з’езду і рэфармаванні партыі“. Большасць сброў партыі палічыла гэта спробай “рэйдарскага” захопу партыі грамадзянскай кампаніяй “Гавары праўду”.

Дзеючая старшыня партыі Ірына Вештард ухіляецца ад адказу пра пагрозу "рэйдарства".

Вештард: “Мяне ніхто не спрабуе падмяць, яны (актывісты і прадстаўнікі “Гавары праўду” – Еўрарадыё) да мяне не ходзяць. Але на маю думку, я тая жанчына, якая мае пазіцыю, якая прадказальная і паслядоўная”…

Адмаўляе падазрэнні ў спрыянні “рэйдарскаму” захопу партыі і галоўны альтэрнатыўны прэтэндэнт на пасаду старшыні партыі, актывіст “Гавары праўду” Ігар Маслоўскі.

Маслоўскі: “Мяне на пасаду кіраўніка вылучыла Брэсцкая абласная канферэнцыя і Гомельская абласная канферэнцыя. Падтрымалі мяне і на канферэнцыі ў Віцебскай вобласці. Ценявы аргкамітэт – гэта ўмоўная назва, можна было як заўгодна назваць. Мы проста дамовіліся, што ў выпадку нашай перамогі мы будзем праводзіць рэформы, накіраваныя на актывізацыю працы БСДП, на працу з мэтавымі групамі. Гэта галоўная мэта і аргкамітэту і нашай групы, калі яна будзе ў складзе кіраўніцтва партыі. А “Гавары праўду”… Наша партыя была да іх з’яўлення, ёсць сёння і будзе надалей”.

Але сябры партыі Мечыслаў Грыб і Алег Трусаў упэўненыя, што напярэдадні  парламенцкіх выбараў “Гавары праўду” было б вельмі карысна займець “кішэнную партыю”.

Грыб: “У нас ёсць афіцыйная шыльда, мы афіцыйна зарэгістраваная партыя. І гэтай шыльды дастаткова, каб праводзіць сваю палітычную дзейнасць. У нас ёсць партыі, якіх фактычна няма, але ў іх ёсць афіцыйная шыльда і яны дзесяцігоддзямі дастаткова паспяхова карыстаюцца гэтай шыльдай. А што з сябе ўяўляе “Гавары праўду”? незарэгістраванае грамадскае аб’ядананне!”

Еўрарадыё: Што не перашкаджае ім з дэпутатамі і міністрамі сустракацца!

Трусаў: Гэта іншая справа. А як ім стаць кандыдатамі ў дэпутаты? Сабраць 1 тысячу подпісаў за вылучэнне. А захопліваюць партыю – а партыі элементарна на сходзе вылучаюць. Таму гэты рэйдарскі захоп і рыхтуецца! А грошы ім ідуць з Расіі – мы ж усё ведаем, адкуль ідзе фінансаванне”.

Па словах Мечыслава Грыба, калі вылучэнцы “ценявога аргкамітэту” сумленна перамогуць падчас галасавання, партыйцы гэта прымуць і будуць працаваць пад іх кіраўніцтвам. Галоўнае, каб не было парушэнняў Статуту партыі.

Дарэчы, па словах Ірыны Вештард БСДП (Грамада) будзе браць удзел у сёлетніх парламенцкіх выбарах. Ужо нібыта нават складзены папярэдні спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Праўда, колькасць не называе. Як і не кажа, ці да канца яны будуць змагацца за дэпутацкія мандаты, ці здымуцца на нейкім этапе.

На з’езд не прыехала сябра БСДП (Грамада), сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі