Алег Гулак: “Дзеянні Саўміна на практыцы немагчыма аспрэчыць”

Вышэйшы гаспадарчы суд спыніў разгляд справы па пазове Беларускага Хельсінкскага камітэта да Савета міністраў. Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміў юрыст праваабарончай арганізацыі Алег Гулак. БХК спрабаваў абскардзіць незаконнае, на яго погляд, ужыццё фінансавых санкцый за няўплату падаткаў па сродках, атрыманых у якасці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС (каля 75 тысяч долараў).

БХК лічыць, што вінаваты ў гэтай сітуацыі Савет Міністраў, які са спазненнем прывёў беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з указам прэзідэнта, паводле якога гэтая гуманітарная дапамога падаткам не абкладаецца.

“Бяздзеянне Савета міністраў пацягнула страты для нас”, кажа Алег Гулак. Аднак суд вырашыў, што адносна патрабаванняў БХК да Савета Міністраў справа спынена.

Вось як каментуе сітуацыю Алег Гулак:

“Справа ў тым, што на Савет міністраў увогуле вельмі складана падаваць у суд, таму што гэта не юрыдычная асоба па нашым заканадаўстве, нашай сітуацыі.

Гэта орган улады, дзеянні якога на практыцы немагчыма аспрэчыць. І прыцягнуць да адказнасці за незаконныя дзеянні атрымліваецца таксама праблематычна”.

Адзначым, што прадстаўнік ураду ў суд не з’явіўся.