Альбом "Belarus Press Photo 2011" унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Абноўлены "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" надрукавала 17 ліпеня газета “Рэспубліка”. У публікацыі называюцца аўтары і назвы матэрыялаў, а таксама згадваюцца рашэнні судоў, якія прызналі іх экстрэмісцкімі.

Фотаальбомы, выдадзеныя па выніках конкурсу "Прэс-фота Беларусі 2011", былі канфіскаваныя ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча ў лістападзе 2012 года на памежным пераходзе "Каменны Лог". Ашмянскае аддзяленне мытні паінфармавала Васюковіча, што дадзеная друкаваная прадукцыя "прызнаецца незаконнай (не адпавядае Дзяржстандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выходныя звесткі") і падлягае знішчэнню". 19 студзеня стала вядома, што альбомы перададзены ў КДБ.

Экспертная камісія, складзеная з ідэолага з Гродзенскага аблвыканкама і трох выкладчыкаў тамтэйшага ўніверсітэта, прызнала, што ў альбоме "утрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, зневажаецца нацыянальны гонар і добрыя якасці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь".

18 красавіка Ашмянскі раённы суд прызнаў фотаальбом "Belarus Press Photo 2011" экстрэмісцкім, нагадвае БелаПАН.

Фота: www.gazetaby.com.