Akute і Лявон Вольскі ўзначалілі рэйтынг Experty.by

Альбомы "Грамадазнаўства" Лявона Вольскага і "Рэальнасць і сны" Akute сталі найлепшымі па выніках першага паўгоддзя рэйтынга сайта Experty.by.


Для Akute, якіх называюць аднымі з лідараў сучаснага беларускага року, гэта трэцяя па ліку кружэлка. Для Лявона Вольскага, калі лічыць усе яго гурты і праекты, гэта альбом пад нумарам 29. За імі ў рэйтынгу стаяць дыскі фолк-гурта Vuraj, нойз-рокераў Earworm і альтэрнатыўных рокераў 2morrow2late.


"Гэта заслужаны вынік для дыскаў Akute і Лявона Вольскага. Мяркую, што якія б альбомы ні выйшлі ў другім паўгоддзі, гэтыя працы абавязкова будуць у прэтэндэнтах на "Альбом года" на штогадовых узнагародах Experty.by, — лічыць кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.


Рэйтынг за паўгоддзе з’яўляецца прамежкавым і адлюстроўвае меркаванне толькі штатных экспертаў праекта. Пераможцы ўзнагародаў Experty.by вызначаюцца па выніках года па галасах беларускіх крытыкаў, актыўных карыстальнікаў сайта, а таксама замежных экспертаў, сярод якіх у розны час былі Арцемій Троіцкі, Аляксандр Гарбачоў ("Афіша"), а таксама іншыя вядучыя крытыкі з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны.


Перамога на ўзнагародах Experty.by дае музыкам не толькі дыпломы, але і практычную дапамогу ў прасоўванні іх творчасці. Уладальнікі прызоў Experty.by па выніках 2013 года ў намінацыях "Альбом года" (Pukstband) і "Найлепшы беларускамоўны альбом" (BosaeSonca) атрымалі паўнавартасную рэкламна-інфармацыйную падтрымку сваіх канцэртаў, якія адбыліся ў красавіку 2014.


Пераможца ў намінацыі "Прыз замежных экспертаў " — электроншчык (((О))) з Гомеля — пры падтрымцы Experty.by у жніўні 2014 выступіў на шоўкейс-фестывалі Vilnius Music Week, дзе быў ухвалены першым менеджарам Pink Floyd Пітэрам Джэнэрам. Генеральным партнёрам узнагародаў з’яўляецца інтэрнэт-правайдар "Атлант Тэлекам".


Пазнаёміцца з рэйтынгам і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by — http://www.experty.by/node/2674

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі