Адзіны падаходны падатак увядуць, а дэклараванне застанецца

Каля 80% беларусаў з наступнага года будуць плаціць большыя сумы падаткаў. З наступнага году ў Беларусі будзе ўведзены адзіны падаходны падатак. Ён складзе 12%. Цяпер жа беларусы плацяць ад 9% да 30% у залежнасці ад даходаў. Па словах першага намесніка міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, прымяненне адзінай стаўкі дазволіць зменшыць страты бюджэту ў параўнанні з цяперашнімі. З тым, што бюджэт Беларусі выйграе ад такіх зменаў, згодны і эканаміст Леанід Злотнікаў. Аднак на яго думку, адбудзецца гэта таму, што раней сярэдні падаходны падатак па Беларусі складаў 10%. Цяпер жа ён павялічыцца на 2%:

Леанід Злотнікаў:
“Сярэдні ўзровень падаткаабкладання быў дзесьці на ўзроўні 10%, можа, крыху большы. А зараз будзе 12%. І тут бюджэт выйграе”.

Па падліках спадара Злотнікава, каля 80% насельніцтва нашай краіны будзе плаціць больш. А вось рэформа робіцца пад інтарэс нешматлікай забяспечанай бюракратыі, лічыць эканаміст.

Леанід Злотнікаў: “Гэты падатак зроблены пад інтарэсы бюракратыі. Яна зараз атрымлівае вышэй за сярэдняе. Дырэктарат атрымлівае вышэй за сярэдняе. Ну, і частка спецыялістаў таксама вышэй за сярэдняе. Гэта змяншае для іх падатковы цяжар. І тут ёсць пэўны момнт сацыяльнай несправядлівасці”.

У той жа час Леанід Злотнікаў бачыць і станоўчыя бакі ў новаўвядзенні. Па-першае, спросіццца сістэма збору падаткаў. Па-другое, адкрыецца ценявая эканоміка. З такой дукай згодны і дырэктар вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Яўген Ясін. У Расіі адзіны падаходны падатак у памеры 13% існуе ўжо з 2001 года. На думку маскоўскага спецыяліста, інстытут адзінага падаходнага падатку быў карысны ў Расіі яшчэ і таму, што адпала неабходнасць дэкларавання для большай часткі насельніцтва краіны.

Яўген Ясін: “Прынесла карысць перш за ўсё тым, што сталі збіраць больш падаткаў, частка эканомікі выйшла з ценю. Адміністрацыя збору падаткаў рэзка спросцілася. Таму што знікла неабходнасць у дэклараванні падаткаў для пераважнай большасці насельніцтва, таму што па адзінай стаўцы падаткі налічваюцца адразу па месцы налічэння заробкаў”.

Аднак, па інфармацыі прэс-сакратара Міністэрства падаткаў Сяргея Шкуты, у Беларусі сістэма дэкларавання застанецца, хоць і крыху зменіцца.

Сяргей Шкут:
“Дэклараванне як такое будзе яшчэ. Проста яно будзе крыху відазмененае і будзе больш тычыцца льготаў – хто якія льготы атрымлівае да т.п. розніца будзе заключацца ў тым, што падатковыя вылікі ў нас давалі падатковыя агенты. А зараз гэта будзе больш па даходах, атрыманых за мяжой”.

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, сярэдняя заработная плата беларуса ў ліпені 2008 года склала 923 тысячы рублёў. Сёння грамадзяне з такімі заробкамі плацяць ад 9% да 12% падаткаў. З увядзеннем адзінага падаходнага падатку ўсім давядзецца аддаваць 12% - а гэта 110 тысячаў рублёў. Такім чынам, сярэднему беларусу і праўда давядзецца аддаваць у дзяржаўную скарбонку больш грошай, чым раней.

Нагадаем, 15 жніўня прэзідэнт папярэдне ўхваліў праект бюджэта краіны на наступны год, па якім з 2009 года для ўсіх беларусаў падаходны падатак стане аднолькавым – 12%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі