Адвод войскаў для адводу вачэй, або Чаму Украіне рана расслабляцца

Украінскі вайсковец унутры расійскага танка, захопленага пасля бою з расійскімі войскамі ў сяле Лук'янаўка пад Кіевам / REUTERS / Marko Djurica
Украінскі вайсковец унутры расійскага танка, захопленага пасля бою з расійскімі войскамі ў сяле Лук'янаўка пад Кіевам / REUTERS / Marko Djurica

РФ скарачае "вайсковую актыўнасць на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках" пасля перамоў у Турцыі. Украіна перамагае, Расія капітулюе?

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться

— Відавочна, што рашэнне Расіі публічна заявіць пра вывад сваіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей — гэта прапагандысцкі жэст, — упэўнены дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Я б сказаў, што гэта не адвядзенне войскаў, а перагрупоўка і ўсведамленне таго, што Расія не можа нічога зрабіць з Кіевам і Чарнігавам.

Яна не будзе цяпер на гэтым засяроджвацца для таго, каб не расходаваць свае сілы адразу на некалькіх кірунках. Гэта сведчыць пра тое, што Расіі, як гэта ні дзіўна гучыць, не стае рэсурсаў для эфектыўнага штурму і Кіева, і Чарнігава.

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться

— Маштабнага адводу войскаў палескай групоўкі няма. Ёсць заява намесніка міністра абароны РФ пра магчымасць такога [адводу. — Еўрарадыё], — падкрэслівае палітычны аналітык Ігар Тышкевіч. — Ёсць перагрупоўка, перакідка рэзерваў на данецкі кірунак. Ёсць удары Расійскай Федэрацыі па складах паліўных матэрыялаў ва Украіне. Гэта спроба запаволіць магчымую перакідку войскаў на кірункі, якія пагражаюць. Больш за тое, ідуць сустрэчныя баі. Гэта азначае, што спрабуюць ісці ў наступ як расіяне, так і ўкраінцы.

Расія не паспявае з другой хвалі ўвайсці ва Украіну. Гэта пытанні раскансервацыі тэхнікі, назапашвання асабовага складу і гэтак далей. У такім выпадку любыя перамовы ў якасці зацягвання часу, у прынцыпе, для іх дапушчальныя.

Колькі можна гаварыць?

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться
Кіраўнік расійскай перамоўнай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі / gettyimages

Расійска-ўкраінскія перамовы праходзілі як у анлайн-фармаце, так і вочна ў Беларусі і ў Турцыі. Але канкрэтных вынікаў пакуль не відаць.

— Цяпер гэта не перамовы, а кансультацыі. Пошук пунктаў судакранання інтарэсаў, дзе можна знайсці кампраміс. Адпаведна, на такіх кансультацыях не можа быць нічога канкрэтнага, — тлумачыць Ігар Тышкевіч. — Возьмем любы падручнік па асновах дыпламатыі і ўбачым там тры этапы. Этап нумар адзін — пошук магчымых пунктаў для дыскусіі. Этап нумар два — падрыхтоўка дамовы. Этап нумар тры — канчатковае абмеркаванне падрыхтаванай дамовы і яе падпісанне тымі, хто мае на гэта права [хутчэй за ўсё, гэта будуць Пуцін і Зяленскі. — Еўрарадыё].

Навошта пачынаць нейкія перамовы, калі "вялікі стырнавы" дакладна паставіў задачу "дэнацыфікаваць" і "дэмілітарызаваць" Украіну?

— Расійскае кіраўніцтва вымушанае лічыцца з тысячамі трун, якія ідуць на іх тэрыторыю. Таксама гэта звязана са спробай зняць беспрэцэдэнтна велізарныя санкцыі, якія на цяперашні момант накладзеныя на Расію, — кажа Яўген Магда.

 

На НАТА свет клінам не сышоўся

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться
Кітай могуць папрасіць гарантаваць бяспеку Украіны / Reuters

На перамовах у Турцыі ўкраінцы выступілі з прапановамі пра будучыя гарантыі бяспекі для сваёй краіны. У якасці краін-гарантаў Украіна бачыць Вялікабрытанію, Кітай, ЗША, Францыю, Турцыю, Германію, Канаду, Італію, Польшчу і Ізраіль. Разглядаецца тут і Расійская Федэрацыя, але "пра гэта трэба гаварыць асобна", падкрэслівае сябра ўкраінскай перамоўнай дэлегацыі Давід Арахамія.

Ці спрацуюць у будучыні гарантыі бяспекі ад Кітая і Ізраіля, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі НАТА?

— А што, на НАТА свет клінам сышоўся? — пытаецца Ігар Тышкевіч. — А ці спрацавалі гарантыі НАТА датычна Турцыі, калі была пікіроўка з расійскім самалётам? Дэ-факта сёння НАТА: а) не дапамагае Украіне цяжкім узбраеннем; б) робіць усё магчымае, каб не падымалася пытанне пра сяброўства краіны ў блоку; в) не мае пакуль што артыкуляванай пазіцыі па стрымліванні Расіі.

Ёсць асобныя пазіцыі дзяржаў, гатовых на рэзкія крокі, — тая самая Турцыя, Брытанія, ЗША. Кітай, які гатовы і гэта дэманструе. І ёсць спроба ўцягнуць у гэтую дамову і Расію, якая паставіць свой подпіс пад абавязацельствамі. І НАТА тут ні пры чым. Блок НАТА ў гэтай фармулёўцы патрэбен гэтаксама, як сабаку патрэбен парашут.

 

"Л/ДНР" — ракавая пухліна

Ёсць меркаванне, што расійскі прэзідэнт ні за што не пойдзе на тое, каб аддаць Данецк і Луганск назад. Тое самае датычыцца і Крыма. Добраахвотная здача не толькі робіць бессэнсоўнымі ўсе папярэднія патугі РФ, але і прыніжае аўтарытэт Пуціна як мінімум у вачах іншых дзяржаў-сатэлітаў.

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться
"Калі любіш — адпусці" / AP

— У расійскім заканадаўстве Крым уключаны ў склад РФ, і гэтую ідэю нельга нават абмяркоўваць. Таму мне не зусім зразумелая ініцыятыва ўкраінскіх перамоўшчыкаў пра тое, што "мы 15 гадоў будзем весці перамовы пра статус Крыма", — скептычна адгукаецца Яўген Магда. — Калі Расія і верне так званыя "Л/ДНР" Украіне, то толькі на сваіх умовах. З мэтай, каб яны адыгрывалі ролю ракавай пухліны, якая будзе распаўсюджвацца далей на ўвесь арганізм Украіны.
 

Рана гаварыць пра кампенсацыю

У выніку "вызвалення" тысячы ўкраінцаў засталіся без жылля. За чый кошт будзе аднаўляцца інфраструктура? Ці пагодзіцца Расія на рэпарацый?

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться
Пашкоджаны дом у Харкаве / t.me/bpz_ua

— Гэта будзе залежаць ад таго, як заканчваецца вайна, з якім знешнепалітычным балансам, — адказвае Ігар Тышкевіч. — Канца вайны яшчэ не відаць. Станам на сёння гаворка ідзе пра тое, каб выбіць расіян ці прымусіць іх выйсці з тэрыторыі Украіны. Гэта адзін блок варункаў, пры якіх падпісваецца дамова.

Другі блок варункаў — унутрыпалітычны крызіс у самой Расіі ці калі Украіна — дапусцім! — ідзе ў наступ і бярэ Маскву. Трэці тып дамовы — калі здараецца форс-мажор і Украіна прайграе. Станам на сёння яшчэ ёсць мультыварыятыўнасць. Таму досыць дзіўна гучыць пытанне пра рэпарацыі, у якім аб'ёме яны будуць і гэтак далей.

 

"Няма нічога горшага падчас вайны, чым самападман"

У схеме з "адводам войскаў" разабраліся. Што будзе далей?

— Расія будзе перакідваць сілы на ўсход і поўдзень Украіны для таго, каб паспрабаваць усталяваць кантроль над усёй тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласцей у іх адміністрацыйных межах. Каб сказаць "мы выканалі абяцанне, дадзенае так званым "Л/ДНР", — прагназуе Яўген Магда. — Што да поўдня Украіны, то відавочнае імкненне зрабіць сухапутны калідор, максімальна адрэзаўшы Украіну ад марскіх партоў.

Калі гэта атрымаецца, то ў Расіі будзе моцны аргумент. Для пачатку ёй трэба даць ваду ў Крым і прадэманстраваць гэта ўсяму свету. Па-другое, паменшыць лагістычна-экспартны патэнцыял Украіны, і гэта вельмі сур'ёзны крок. Невыпадкова Расія паслядоўна разбурае ўкраінскую інфраструктуру.

Отвод войск для отвода глаз, или Почему Украине рано расслабляться
Працуе ўкраінская артылерыя / фота Стаса Юрчанкі

— Калі мы гаворым пра сітуацыю на фронце — так, яна стабілізавалася. Украіна мае вялікія шанцы выцесніць акупанта са сваёй тэрыторыі. Гэта пазітыў для Украіны. Але калі мы гаворым пра контуры перамоўнага працэсу — гэта першы паўкрок.

Украіна не капітулявала, чаго многія чакалі. Расія ўжо завязла, яна слабне. Але гаварыць пра перамогу сёння — гэта падманваць сябе. І няма нічога горшага падчас вайны, чым самападман. Калі ты падманваеш сябе, ты расслабляешся. Калі ты расслабіўся, ты прапускаеш удар, — нагадвае Ігар Тышкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі