Адвакатка зноў не змагла ўбачыць Аўтуховіча, які галадае 19 дзён

Мікалая Аўтуховіча, які трымае “сухую галадоўку” 19 дзён, другі дзень не можа ўбачыць адвакат. Сёння Аўтуховіч зноў адсутнічаў на судовым працэсе па сваёй справе.

“Адвакат зноў хадайнічала аб вяртанні яго на працэс — адхілена. Таксама адвакат была ў начальніка турмы, які паведаміў, што Аўтуховіч знаходзіцца на тэрыторыі турмы, што яго абследуюць 3 разы на дзень мясцовыя лекары”, — распавяла дачка Аўтуховіча.

Учора, 29 ліпеня, Аўтуховіча таксама не было на судзе. Суддзя адхіліла хадатайніцтва адваката пра вяртанне яго ў суд, спаслаўшычя на сістэматычныя парушэнні з яго боку.

"Што з ім і ў якім тата стане — адвакат не ведае. У яе ёсць інфармацыя, што ўчора былі нейкія рухі наконт хуткай, але не вядома, ці яна выклікалася для таты, ці для кагосьці іншага. Чакаем навін ад адваката яшчэ ўвечары", — напісала дачка Аўтуховіча.

Адзінае патрабаванне Аўтуховіча, які галадае 19 дзён — перадаваць яму лісты ад родных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.