Вы тут

Адвакатка не змагла пабачыцца з арыштаваным Пятром Маркелавым

Пётр Маркелаў / svaboda.org

Адвакатка Альвіна Мінгазава за шэсць гадзін не змагла сустрэцца з арыштаваным актывістам Пятром Маркелавым у ЦІП на Акрэсціна. Адміністрацыя Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў заявіла, што няма вольных пакояў для сустрэчы. За шэсць гадзінаў яны так і не з'явіліся.

Калі адвакатка спыталася аб прычынах, яна пачула традыцыйнае ў Беларусі тлумачэнне: "Ну, вы ж самі ўсё разумееце". Пра гэтую сітуацыю паведаміла ў Фэйсбуку "Прававая ініцыятыва".

Старшыня "Прававой ініцыятывы" Вікторыя Фёдарава спрабавала датэлефанавацца на гарачыя лініі МУС і ГУУС Мінгарвыканкама, у Мінскую гарадскую і Генеральную пракуратуры. Калі стала зразумела, што гэта бессэнсоўна, Фёдарава паехала ў пракуратуру Маскоўскага раёна. Паводле інфармацыі "Прававой ініцыятывы", намеснік пракурора Ігар Жыбуль заявіў, што ён не абавязаны тэлефанаваць у ЦІП, а яе пісьмовую скаргу будзе разглядаць 15 дзён у адпаведнасці з заканадаўствам.

Пётр Маркелаў арыштаваны на 14 сутак. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве. Падчас парламенцкіх выбараў Маркелаў, які быў назіральнікам, патрабаваў правесці перападлік галасоў, бо быў упэўнены ў падтасоўках. Некалькі міліцыянтаў выцягнулі яго з пакоя для галасавання і завезлі ў пастарунак. 

Днямі хлопец перадаў маці паведамленне, што яго трымаюць у жудасных умовах: у адной камеры з бяздомнымі, у памяшканні — вошы. З дапамогай адваката Маркелаў хацеў падаць скаргу на ўмовы ўтрымання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.