Вы тут

Адвакатка Калеснікавай правяла ноч на Акрэсціна

Людміла Казак / TUT.by

Людміла Казак, адвакатка Марыі Калеснікавай, правяла ноч у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, піша TUT.by

Казак затрымалі па адміністрацыйнай справе, але назваць артыкул, па якім яе затрымалі, міліцыянты адмаўляюцца. 

Як распавядала Еўрарадыё, у чацвер каля 14:00 Людміла Казак перастала выходзіць на сувязь. Апошні раз калегі бачылі яе на вуліцы Камуністычнай. Выпадковы сведка бачыў, як гэтым часам невядомыя людзі пасадзілі жанчыну ў машыну, пры гэтым яна клікала на дапамогу. 

Каля 20:00 прэс-служба ГУУС Мінска паведаміла ТАСС, што Людміла Казак затрыманая за адміністрацыйнае правапарушэнне і знаходзіцца ў РУУС. Між тым, яшчэ ў 18:00 яе муж спрабаваў падаць у Цэнтральнае РУУС заяву пра яе выкраданне, але заяву там не прынялі.

"Паставы міліцыянт, які падышоў да зачыненай брамкі, сказаў яму і мне, што Людмілы Казак у РУУС няма, а падаць заяву не ўпусціў. Ніхто са службовых асоб Цэнтральнага РУУС на працягу дзвюх гадзін не выйшаў да нас. Таму мы паехалі і падалі заяву ў ГУУС Мінгарвыканкама", — кажа адвакат Людмілы Віктар Мацкевіч.

Гэтым жа часам кіраўніцтва Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў паведаміла, што Казак затрыманая і знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС. Аднак там Мацкевічу і адвакатцы Святлане Гарбацюк зноў заявілі, што яе ў РУУС няма. 

Толькі а 22-й гадзіне ў ІЧУ на Акрэсціна абаронцу паведамілі, што Людміла Казак знаходзіцца ў іх. 

Мацкевіч нагадвае, што міліцыя павінная па просьбе затрыманага паведамляць аб месцы яго ўтрымання сям'і і абаронцы. "Немагчыма ўявіць, што Людміла не прасіла затэлефанаваць яе мужу і калегам", — дадае ён. 

Верагодна, сёння Людмілу Казак будуць судзіць. 

Дарэчы, на сёння ў Мінскім гарадскім судзе прызначаны і адміністрацыйны працэс, дзе Казак мусіла выступаць як адвакатка. Яна абскарджвае арышт Марыі Калеснікавай. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.