Адвакат: Павел Грыб кажа, што яго вывезлі з Беларусі ў Расію невядомыя

Адвакат: Павел Грыб кажа, што яго вывезлі з Беларусі ў Расію невядомыя

Адвакат Андрэй Сабінін сустрэўся ў СІЗА Краснадара з 19-гадовым украінцам Паўлам Грыбом, які ў жніўні знік у Беларусі. Пра гэта Сабінін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. “Сустрэўся з СІЗА з Паўлам Грыбом, — піша адвакат. — Выглядае нармальна, але турбуецца, што без лекаў. Таксама не вырашаныя бытавыя праблемы... Па словах самога Грыба, ён быў вывезены з Гомеля невядомымі людзьмі і перададзены іншым невядомым, і прыкладна праз некалькі дзён у Смаленскай вобласці быў аформлены пратакол затрымання. Пасля гэтага дастаўлены ў Краснадар”.

Пра сутнасць абвінавачання Андрэй Сабінін нічога не паведаміў. Ён спаслаўся на падпіску аб неразгалошванні.

Як паведамляла Еўрарадыё, Павел Грыб прыехаў з Украіны ў Беларусь 24 жніўня. У Гомелі ён збіраўся сустрэцца з дзяўчынай з Расіі і ў той жа дзень вярнуцца ў Кіеў. Аднак ад таго часу яго ніхто не бачыў. Украінскія ўлады ад пачатку лічылі, што Грыба выкралі расійскія спецслужбы. Беларускія сілавікі аднак заяўляюць, што ўкраінца не затрымлівалі (але хто ж тады, расіяне?), а аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля, відаць, яшчэ і цяпер праводзіць праверку па факце знікнення Паўла Грыба. Украінскія дыпламаты спрабуюць атрымаць тлумачэнні ў Мінску і Маскве, якім чынам украінец, які прыехаў у Беларусь, апынуўся ў следчым ізалятары ў Расіі. На Грыба, дарэчы, расіянамі заведзеная крымінальная справа за тэрарызм. Пры гэтым хлопец ніколі не служыў у войску, не ваяваў на Данбасе, мае праблемы са здароўем. Сваякі Паўла не выключаюць, што ўвагу расійскіх спецслужб магла прыцягнуць яго актыўнасць у сацсетках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі