Вы тут

Адвакат: Чудзянцоў знаходзіцца ў статусе падазраванага. Ён арыштаваны

Уладзімір Чудзянцоў / Белсат

У нядзелю 24 лістапада адвакат Аляксандр Галіеў сустрэўся з журналістам Уладзімірам Чудзянцовым, які на днях быў затрыманы на беларуска-польскай мяжы і цяпер знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА. Чудзянцова  знялі з цягніка ў пункце пропуску праз мяжу "Брэст" ("Тэрэспаль"). Па словах маці Уладзіміра Ніны Зуевай, у яе сына знайшлі пакет з нейкім рэчывам. Пры вобшуку дома ў журналіста таксама было знойдзена два падобных пакеты.

"Чудзянцоў знаходзіцца ў статусе падазраванага, ён арыштаваны на два месяцы. Яго падазраюць у спробе кантрабанды марыхуаны. Цягам наступнага тыдня яму альбо будзе прад’яўлена абвінавачванне, альбо ён будзе адпушчаны", — у размове з Еўрарадыё кажа Аляксандр Галіеў.

Блогер NEXTA мяркуе, што наркотыкі Чудзянцову падкінулі, бо ўлады падазраюць журналіста ў сувязі з тэлеграм-каналам @nexta_tv. Чудзянцоў віну не прызнае і сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі. Вось што ён паведаміў у пасланні грамадскасці, якое ён перадаў праз сяброў:

"У Варшаву я ехаў уладкоўвацца на працу да свайго сябра. І, натуральна, я знаёмы з NEXTA, мы з ім сябры. Працуе ён без маёй дапамогі, з майго боку было некалькі тэхнічных кансультацый на пачатковым этапе адкрыцця канала. Я хацеў ціха з'ехаць з краіны, без скандалаў, і заняцца працай магчыма не звязанай з палітыкай. Таму я проста не зразумеў, навошта гэтая спецаперацыя ў адносінах да мяне. Мабыць гэта адбылося са мной таму, што ЯНЫ баяцца свабоднага слова. Нават таго, якое яшчэ не сказанае".

Еўрарадыё запыталася ў адваката Аляксандра Галіева, ці ёсць падставы лічыць, што Чудзянцову сапраўды падкінулі наркотыкі?

“Тое, што падкінулі наркотыкі — гэта, па-першае, яго сцвярджэнне. Па-другое, пасля агляду ў яго арганізме не выяўлена ніякіх забароненых рэчываў. Па-трэцяе, даволі недарэчна перавозіць наркотыкі, да прыкладу, у Польшчу, дзе за гэта адміністратыўная адказнасць, з Беларусі, дзе за гэта крымінальная адказнасць. Тут вельмі і вельмі нелагічна для Уладзіміра”, — распавёў Аляксандр Галіеў. 

Вядома, што ў цягніку перад мяжой Чудзянцоў пайшоў у прыбіральню, пакінуўшы сумку з рэчамі. Крыху пазней да яго падыйшлі мытнікі і дасталі пакет з невядомым рэчывам. Пасля гэтага ў мінскую кватэру Уладзіміра Чудзянцова, дзе ён пражывае разам з маці, уварваліся чатыры чалавекі з сабакам і пачалі ператрус: "Яны сказалі, што гэта брэсцкая мытня, — расказвае маці журналіста. — Пачалі абшукваць кватэру. Знайшлі яшчэ два пакеты, прычым у такіх месцах, дзе трэба было перавярнуць стол і ложак. Пакеты былі прылепленыя скотчам".

Ніна Мікалаеўна ўпэўненая, што гэта правакацыя: "У нас дзверы не зачыняюцца. Дачка жыве паверхам ніжэй за нас. Я магу спусціцца да яе і сядзець 10-15 хвілін. А ў гэты час у кватэру можа ўвайсці хто заўгодна і прыляпіць што заўгодна. Валодзя ніколі не захапляўся наркотыкамі. Ён не піў, не курыў, не ўжываў. І будзем сумленныя — на наркотыкі ў яго ніколі грошай не было".

МУС затрыманне Чудзянцова пакуль ніяк не каментуе.

Уладзімір Чудзянцоў займаецца журналістыкай з 1990-х. Спачатку — пралукашэнкаўскай прапагандай. З цягам часу ён сышоў з дзяржаўных СМІ, змяніў прозвішча і ўладкаваўся журналістам на TUT.by. Пасля скандалу звольніўся і заснаваў сайт by24.org, заняў радыкальную антырасійскую пазіцыю.