Адсутнасць флікера можа каштаваць пешаходу 15,5 тысяч рублёў

Са скарачэннем светлавога дня ў пешаходаў павялічваецца небяспека быць аштрафаваным ДАІшнікам за знаходжанне на праезнай частцы без святлоадбівальнага элемента – флікера. Яшчэ адным артыкулам выдаткаў у сямейным бюджэце могуць стаць штрафы за знаходжанне на праезнай частцы без абазначэння сябе святлоадбівальным элементам – флікерам.

Як стала вядома Еўрарадыё, з 20 жніўня ДАІ Беларусі распачало акцыю “Стань больш заўважным”. І калі раней інспектары маглі толькі нагадаць пешаходу пра неабходнасць абазначэння сябе ў цёмны час сутак флікерам, то зараз калі такіх пешаходаў спыняць на праезнай частцы, іх чакае штраф у памеры 15,5 тысяч рублёў.

Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкаму Жана Трайно патлумачыла карэспандэнту Еўрарадыё, што гэта не новаўвядзенне — гэтая форма пакарання за невыкананне Адміністрацыйнага кодэксу дзейнічае ўжо амаль пяць месяцаў. Толькі зараз у сувязі са скарачэннем светлавога дня, на наяўнасць у пешаходаў флікераў інспектары будуць звяртаць больш пільную ўвагу.

Жана Трайно: “Прапагандай святлоадбівальных элементаў ДАІ займаецца ўжо трэці год. А ўлічваючы тое, што Правілы дарожнага руху былі ўведзеныя ў 2006 годзе, то і адміністрацыйная адказнасць за парушэнне іх пешаходамі існуе. Гэта нармальна – адказваць за парушэнне Адміністрацыйнага кодэксу”.

Супрацоўніца Мінскага ДАІ сцвярджае, што штрафавалі пешаходаў без флікераў на праезнай частцы і раней. І цяперашняя акцыя не больш чым спроба яшчэ раз прыцягнуць увагу людзей да гэтай праблемы.

Жана Трайно: “Нельга сказаць, што раней толькі папярэджвалі, а цяпер будзем штрафаваць. Папярэджанне альбо штраф за гэта Правіламі дарожнага руху і Адміністрацыйным кодэксам прадугледжаныя, і незалежна ад таго, учора гэта было, пазаўчора ці заўтра будзе — будуць прымяняцца як адно, так і другое пакаранне”.

Праўда, боязь зарабіць штраф ад ДАІшніка за адсутнасць флікера не азначае, што, выходзячы пагуляць па цэнтральных, ярка асветленых вуліцах, абавязкова неабходна імі абвешвацца.

Жана Трайно: “На асветленых участках дарог гэтае нашае патрабаванне не дзейнічае: там можна абыходзіцца і без іх. Абазначэнне пешаходаў сябе флікерамі ўначы больш актуальна для загарадных трас. Але трэба мець на ўвазе, што і ў гарадах, у тым ліку і ў Мінску, ёсць неасветленыя ўчасткі вуліцаў, па якіх могуць хадзіць пешаходы. Да прыкладу, у прыватным сектары. І калі там ён будзе ісці “неабазначаны”, інспектар можа прыцягнуць яго да адказнасці”.

Веласіпедыстам, кажа Жана Трайна, неабавязкова самім абвешвацца флікерамі, калі на іх ровары стаяць катафоты. Больш складана дамагчыся, каб флікеры насілі дзеці. Па яе словах, не ўсе бацькі адказна ставяцца да просьбаў дзяржаўтаінспекцыі і не сочаць, каб у іх дзяцей заўсёды быў з сабой флікер.

А штрафаваць бацькоў за адсутнасць святлоадбівальнага элемента ў дзіцяці інспектар не мае права. Праўда, за апошнія пяць месяцаў толькі мінскія ДАІшнікі бясплатна раздалі дзецям каля 70 тысяч флікераў. І спадзяюцца, што дзеці самі паклапоцяцца пра сваю бяспеку, калі раптам бацькі забудуцца гэта зрабіць. Той жа, каму не дасталося бясплатнага флікера, можа набыць яго у любым шапіку “Белсаюздруку” за 3,5 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі