Вы тут

Адседзеў 18 сутак, працую ў таксі: як жыве той самы фельчар хуткай з Ліды

Павел Палейчык і Святлана Ціханоўская / vk.com

Памятаеце лідскага фельчара Паўла Палейчыка, які ў траўні расказаў пра праблемы рэгіёна ў стрыме Сяргея Ціханоўскага, а пасля гэтага страціў працу і атрымаў суткі? Смеласць і шчырасць Паўла тады так кранулі беларусаў, што за два дні на сэрвісе MolaMola, які тады яшчэ працаваў, для медыка сабралі ягоны заробак за два гады — больш за 20 тысяч рублёў.

Але з тых часоў пра Палейчыка нічога не чуваць. Еўрарадыё знайшло хлопца і даведалася, як ён жыве цяпер і што думае пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
 

Два арышты на 20 сутак

Павел Палейчык дагэтуль жыве ў Лідзе. З'язджаць за мяжу не плануе — хоць і заўважае павышаную ўвагу да сябе з боку сілавых структур.

— Напрыклад, 11 жніўня я ехаў з Бярозаўкі ў Ліду. І на пад'ездзе да майго горада мне заблакавалі дарогу тры машыны ДАІ. Спынілі з "чырвонымі маячкамі", завезлі ў РАУС, абшукалі, асудзілі на пяць сутак.

— За што?

— Вылічылі па камерах як удзельніка мітынгу 9 жніўня. Не ведаю, навошта было вось так спыняць машыну, абшукваць усё. Мы з жонкай вельмі здзівіліся. Думалі, можа, што я арганізатар нейкі, грошы вязу, — жартуе Павел.

Фельчар адседзеў двое сутак, а потым яго раптам адпусцілі. Прайшло паўтара месяца — і новы тэрмін: 18 сутак за ўдзел у мітынгу 13 верасня.

— Нібыта вылічылі па камерах. 18 сутак — гэта таму што 15 сутак далі па артыкуле 23.34, плюс тыя трое сутак, якія засталіся за жнівень. Як прайшоў арышт? Ну як звычайна: не добра, не дрэнна. Галоўнае, што не білі, — расказвае Палейчык.

Павел Палейчык падчас працы ў хуткай / vk.com

Хацеў бы вярнуцца ў медыцыну

Пасля звальнення з цэнтральнай лідскай бальніцы Павел Палейчык паспеў папрацаваць у камандзе Святланы Ціханоўскай. Яго запрасілі на мітынг у Мінск у якасці медыка і ахоўніка.

Знайсці новую паўнавартасную працу ў сферы медыцыны ў Паўла пакуль не атрымліваецца. Цяпер ён падзарабляе ў таксі, здаў на правы на катэгорыю С і плануе заняцца грузавымі перавозкамі.

— Я хацеў бы вярнуцца ў медыцыну, але пасля ўсёй гэтай гісторыі мяне, вядома, не бяруць. Я спрабаваў і ў Лідзе, і ў Шчучыне. Ездзіў у Астроўлю, там ёсць абласная псіханеўралагічная бальніца. Абяцалі перазваніць, але ўжо пару месяцаў без адказу. Упэўнены, што гэта ўсё праз палітыку, — адказвае Павел.

Палейчык вельмі ўдзячны за дапамогу салідарным беларусам. Паводле яго слоў, менавіта гэта ратуе і дазваляе так доўга шукаць новую працу.

— Я і цяпер адчуваю падтрымку людзей. Маю зносіны з былымі калегамі. Але, вядома, сітуацыя страшная. Майго калегу з хуткай абвінавачваюць па крымінальнай справе, нібыта ён чат адмініструе, — дадае Павел Палейчык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.