Аднавілася пастаўка "санкцыйных" грузаў у Калінінградскую вобласць праз Літву

26 ліпеня аднавілася пастаўка "санкцыйных" грузаў у Калінінградскую вобласць Расіі праз Літву. Сёння туды прыйшоў першы састаў — 60 вагонаў з цэментам, перадае Бі-Бі-Сі. 

17 чэрвеня Літва адмовілася прапускаць праз сваю тэрыторыю расійскія грузы з таварамі, якія трапілі пад санкцыі ЕС. Паводле афіцыйнай Вільні, Літва проста выконвала прынятыя раней санкцыі: ЕС забараніў пастаўку і транзіт пэўных расійскіх тавараў праз сваю тэрыторыю.

Расія настойвала на тым, што гэта проста перавозка тавару з аднаго свайго рэгіёну ў іншы. У выніку ў Калінінградзе сталі знікаць некаторыя віды тавараў — пераважна будаўнічыя.

Пытанне вырашалася на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза. Брусельскія ўлады былі не супраць дазволіць расійскі транзіт. Аднак супраць выступала Літва, якая займае вельмі жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі.

У выніку кампрамісу 13 ліпеня ЕС часткова зняў забарону на транзіт у Калінінградскую вобласць, а сам транзіт дазволены з 22 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.