Адмена санкцый за вызваленне палітвязняў: ці рэальны такі абмен з Лукашэнкам?

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская прыходзіць да еўрапейскіх палітыкаў з прапановай перамоваў з Лукашэнкам: ён вызваляе палітвязняў, а за гэта адмяняюць санкцыі супраць яго рэжыму. Наколькі рэальны такі сцэнар і ці пойдзе на яго ЕС? На гэтую тэму паразважалі ў эфіры Еўрарадыё з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.  

“Калі беларускі бок — Алейнік [новы кіраўнік МЗС. — Еўрарадыё] ці іншая персона — выйдзе з такой прапановай, то, думаю, размова будзе вельмі простая: “Калі беларускі бок жадае прадэманстраваць волю да перамоваў — зрабіце першы крок: пачніце вызваляць. Вызваліце спачатку людзей, а потым мы пабачым, што з вамі ўвогуле можна размаўляць”.

Галоўным для заходняга боку застаецца пытанне Украіны: каб Беларусь яшчэ больш не ўцягвалася ў гэтую вайну.

“Што тычыцца Ціханоўскай. Калі мы сапраўды ўявім сабе, што Ціханоўская на перамовах з заходнімі партнёрамі выйдзе з гэтай прапановай: “Няма іншай магчымасці вызваліць палітвязняў — дамаўляйцеся з Лукашэнкам. Вось ён хоча паслабленняў санкцыяў, а за гэта павінны вызваліць палітвязняў. І я, Ціханоўская, гэта падтрымліваю”. Мне падаецца, што адказ, зразумела, будзе больш прыемны, чым у выпадку з Алейнікам. Ціханоўская — гэта той чалавек, якога на захадзе ўсё-ткі падтрымліваюць. Але ў адказе нічога прынцыпова не зменіцца: будзе адмова”.

Самыя моцныя санкцыі ўводзіліся не за палітзняволенных, а за гісторыю з самалётам "Райнэйр", за міграцыйны крызіс, за ўдзел у вайне супраць Украіны.

“Таму з такой прапановай нічога не атрымаецца. Так, Ціханоўскую выслухаюць, але скажуць: “Не, мы з гэтым шантажыстам размаўляць на гэтых умовах не будзем. Яшчэ раз гэта не пройдзе. Тут іншая сітуацыя”, — рэзюмуе Фрыдман.  
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі